Ветурач УП «Палімір-агра» Дзяніс Зайцаў заваяваў дыплом на конкурсе «Лепшы ветэрынарны ўрач Віцебскай вобласці-2017»

Заботы сельские

Вызначыць лепшых ветэрынарных урачоў сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці — такой была задача конкурсу на званне «Лепшы ветэрынарны ўрач Віцебскай вобласці-2017», які праходзіў у Віцебскім раёне на базе ААТ «БелВітуніфарм». Асноўнай мэтай мерапрыем­ства было павышэнне прэстыжу прафесіі ветэрынарнага ўрача.

Змагацца за права быць лепшым у прафесіі маглі ўсе 200 спецыя­лістаў сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці, якія маюць ветэрынарную адукацыю і абслугоўваюць пагалоўе звыш 500 умоўных адзі­нак.
У фінал конкурсу прайшоў 21 удзельнік, сярод іх — і прадстаўнік Полацкага раёна, галоўны ветурач УП «Палімір-агра» Дзяніс Зайцаў.
— Вельмі прыемна, што на нас, спецыялістаў, якія адказваюць за здароўе буйной рагатай жывёлы, звярнулі ўвагу, запрасілі падзяліцца вопытам, — расказаў пра свае ўражанні Дзяніс Сяргеевіч. Ён атрымаў дыплом ІІ ступені і ганарыцца, што паспяхова прайшоў тэст тэарэтычных ведаў у галіне ветэрынарыі. Безумоўна, стаць прызёрам конкурсу дапамог і каштоўны практычны вопыт.
Дзяніс Сяргеевіч працуе ў сельскай гаспадарцы ўжо 15 год. Пасля заканчэння Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны першыя крокі ў прафесіі рабіў у Міёрскім раёне, а з 2010 года працуе ўжо на карысць УП «Палімір-агра».

— Я — чалавек каманды, працую ў цеснай звязцы з трыма ветурачамі-калегамі, з усімі жывёлаводамі. Для мяне прыклад — найвопытнейшы спецыяліст Іван Георгіевіч Папчын. Яму 68 год, а які ён рабацяга! Тэхналогія вырошчвання і ўтрымання буйной рагатай жывёлы складаецца з розных кампанентаў. Без аператараў машыннага даення, заатэхнікаў, загадчыкаў ферм ні адзін ветэрынарны ўрач не даб’ецца поспеху, а калі на фермах будуць захоўвацца тэхналогіі кармлення, догляду за жывёлай, тады і захаванасць цялят павялічыцца, і надоі будуць расці, і знізіцца выбракоўка жывёлы.

Дзяніс Сяргеевіч адзначыў, што ў іх сельгаспрадпрыем­стве жывёла ўтрымліваецца без выпасу, круглы год знаходзіцца ў памяшканні. З-за гэтага павялічваецца нагрузка на ўсіх спецыялістаў.
Пра адказнае стаўленне да працы Дзяніса Зайцава расказаў і галоўны ветэрынарны ўрач Полацкага раёна Сяргей Булыка:
«У «Паліміры-агра» паказчыкі ў працы добрыя, і ўзровень вытворчасці дастойны».
Герой нашай замалёўкі «док­тарам Айбалітам» марыў стаць яшчэ ў дзяцінстве. Абраная прафесія стала не проста працай, а справай жыцця, хоць і патрабуе шмат сілы і часу. З разуменнем ставіцца да абавязкаў мужа і яго жонка Яўгенія.
З пачуццём задаволенасці ад пражытага дня бацька дваіх дзяцей вяртаецца дадому ў вёску Семянец. Гаспадарка выдзеліла сям’і спецыяліста дом, на па­дворку Зайцавы трымаюць парсючка і трусоў. Апошнія — пухкія камочкі з доўгімі вушамі — хобі Дзяніса Сяргеевіча. Догляд за імі прыносіць задавальненне і яму, і старэйшаму сыну — першакласніку Ягору. На прапанову падзяліцца сакрэтамі па догля­дзе за гэтымі жывёламі, вопытны вет­урач адказаў каротка:
«Любая жывёла патрабуе ўвагі, добрага кармлення і, абавязкова, — любові!».

Фота Андрэя Марцынкевіча