У філіяле «Вясна-энерга» самая гарачая пара, трэба забяспечыць жыхароў полацкага рэгіёну капустай, бульбай, морквай, радыскай, цыбуляй, зелянінай

Заботы сельские

У філіяле «Вясна-энерга» РУП «Віцебск-энерга» зараз, напрыканцы мая, самая гарачая пара. Супрацоўнікі гэтай гаспадаркі штогод вясной бяруць на сябе вялікі клопат: забяспечыць жыхароў полацкага рэгіёну вітаміннай прадукцыяй, якая вырошчваецца ў адкрытым грунце, — капустай, бульбай, морквай, радыскай, цыбуляй, зелянінай.

— Капуста любіць увагу, трэба шмат працаваць з яе расадай, прытрымлівацца тэмпературнага рэжыму, правільна паліваць, падсілкоўваць, цалкам захоўваць тэхналогію вырошчвання, — адзначыла галоўны аграном філіяла Ганна Грышкевіч падчас нашай сустрэчы на адным з палёў, дзе вялася пасадка гэтай культуры.

У мінулым годзе філіял вырасціў і рэалізаваў добры ўраджай капусты. Восенню правялі якаснае тэхнічнае забеспячэнне абсталявання агароднінасховішча, і яно добра працавала, што дазволіла захаваць капусту ў належным таварным выглядзе. Палачане і новапалачане з задавальненнем набывалі гэтую агародніну з восені да вясны. На рынку ўпершыню з’явілася капуста квашаная ўласнай вытворчасці філіяла «Вясна-энерга». Пакупнікі дружна прагаласавалі за гэты новы прадукт рублём, а вытворцы лічаць перапрацоўку вырашчанай агародніны крокам наперад у сваім развіцці.

Сёлета капуста будзе пасаджана на плошчы 13,5 гектара, ранні беларускі сорт «Іларыя» зойме 2,5 гектара. Для захоўвання лепш за іншых падыйдзе сорт капусты «Зянон», а на засолку трэба купляць «Трыперыа». Для паспяховага вырошчвання гэтай культуры ў «Вясне-энерга» прадугледзілі ўсе нюансы: калі будзе лета дажджлівае — вада з палёў будзе збягаць у спецыяльна выкапаныя каналы, а на той выпадак, калі надвор’е будзе сухім, — для капусты закуплена сістэма паліву.

— Ужо пасля 20 мая ў нашых гандлёвых кропках у Полацку і суседнім Наваполацку пачнецца рэалізацыя свежанькіх качаноў капусты вытворчасці «Вясна-энерга», якія выраслі ў цяпліцы, — задаволена расказвала Ганна Грышкевіч. Гэтую капусту яны выса­дзілі ў парнік у пачатку красавіка, і вось праз паўтара месяца вырас ураджай. Дарэчы, менавіта мне (а, можа, і ўсім так?) мало­дзенькія качанчыкі, якія толькі завязваюцца, калі глядзець на іх зверху, нагадваюць кветкі руж. Толькі бутоны большага памеру і зялёныя! Гэтая прыгажосць любому ўздыме настрой!

У гандлёвых кропках філіяла «Вясна-энерга» ўвесь май вядзецца рэалізацыя расады капусты для насельніцтва. Агароднікі, якія аднойчы аддалі перавагу моцным, добра ўкаранёным раслінам, — цяпер штогод выбіраюць расаду «Вясны-энерга». Дарэчы, і зараз яшчэ не позна купіць у іх фірменных кіёсках расаду капусты, а таксама таматаў, агуркоў.

Сёлета ў філіяле на плошчы 20 гектараў пасаджана морква трох сартоў: «Раманса», «Сінкара» і «Лагуна». Вядома ж, гэтая агародніна — першая «сяброўка» капусты: беларусы прывыклі спалучаць іх у сваіх любімых стравах. Гэта ўсё добра, але як жа мы будзем гатаваць боршч? «Вясноўцы» не забыліся пра буракі: гэтая культура пасаджана на плошчы 10 гектараў. Традыцыйна ў філіяле вырошчваюць і другі хлеб беларусаў — бульбачку. Сёлета пад яе пасадку аддадзена 60 гектараў плошчы, 12 з іх — новаму для «Вясны-энерга» сорту «Каралева Ганна», на астатняй вядзецца пасадка бульбы сорту «Саціна».

Мы дзівіліся на гадавальнікі расады «Вясны-энерга», з задавальненнем фатаграфавалі гатовыя для рэалізацыі цыбулю і радыску. Уся агародніна — свежанькая, прыгожая, выглядае вельмі апетытна.

На завяршэнне нашай «экскурсіі» Ганна Грышкевіч запрасіла падзівіцца на новы малады ягаднік: на плошчы 1,5 гектара растуц­ь кусты чорных парэчак! У мінулым годзе былі закуплены і высаджаны на тэрыторыі цяплічнага камбіната саджанцы гэтай пладова-ягаднай культуры. Спецыялісты зрабілі ўсе агратэхнічныя доглядныя работы, дачакаліся, каб кусты зацвілі. Цяпер справа за ўра­джаем.

— Вырашылі з дырэктарам філіяла Сяргеем Фаміным і калегамі-аграномамі паспрабаваць развівацца ў новым накірунку, — давала каментарый Ганна Генрыкаўна. — Раіліся, выбіралі, спыніліся менавіта на чорных парэчках, таму што ў нашых кліматычных умовах і на нашай глебе менавіта яны могуць парадаваць багатым ураджаем.
Мы парадаваліся прыемнай навіне, пажадалі агароднікам-прафесіяналам поспехаў і паабяцалі, што абавязкова раскажам чытачам нашай газеты пра будучыя ягадныя поспехі філіяла «Вясна-энерга».