Днямі святочным канцэртам свой першы юбілей адзначыў рок-клуб «Live in Rock» Полацкага гарадскога Палаца культуры

Культура

Днямі святочным канцэртам свой першы, 10-гадовы, юбілей адзначыў рок-клуб «Live in Rock» Полацкага гарадскога Палаца культуры. Але дзесяць год — гэта фармальная дата. На самай справе, усё пачалося значна раней.

Узгадаем эпоху фестывалю «Рок-Кола» і асобу Сяргея Анішчанкі (ці проста — Анісы). Менавіта гэты чалавек распачаў маштабны рок-рух на Полаччыне. Трэба адзначыць, што фестывалі «Рок-Кола», якія ён ладзіў, збіралі такую колькасць удзельнікаў і аматараў гэтага музычнага напрамку з розных куткоў не толькі нашай, але і іншых краін, што ў самых прасторных залах Полацка і Наваполацка было няма куды пеўню дзюбнуць. Так… былі часы…
Прынамсі, тады, а дакладней, у 2003 го­дзе, упершыню на полацкую рок-сцэну з кампазіцыямі свайго першага альбома выйшаў гурт маладых і таленавітых выканаўцаў «Індра». З той пары рок-музыка для іх стала вобразам думкі, ладам жыцця. Амаль ніводзін рок-канцэрт у родным горадзе не абыходзіўся без іх удзелу.


На жаль, колькі год таму «Рок-Кола» прыпыніла сваю дзейнасць (будзем спадзявацца, не назаўжды). Але існавала шмат гуртоў, якія па-ранейшаму хацелі граць. Мабыць, гэтае жаданне і падштурхнула ўдзельнікаў «Індры» нешта рабіць, і ў хуткім часе яны ўзялі на сябе ролю арганізатара канцэртаў. А пазней з’явілася ідэя стварыць і рок-клуб «Live in Rock». «Адміністрацыя Полацкага гарад­скога Палаца культуры пайшла насустрач, — з удзячнасцю ўзгадваюць кіраўнікі клуба Марына Шэф і Павел Кухто. — Нам заўжды давалі зладзіць выступленні як на сцэне Палаца, так і на адкрытых пляцоўках, і ніколі ніякіх арганізацыйна-тэх­нічных пытанняў не ўзнікала».
Пашчасціла тым, хто завітаў у гарадскі Палац культуры на юбілейны канцэрт рок-клуба, таму што ў той вечар выступалі такія файныя гурты, як «Сны рэальнасці», «Версия», «Free Light», «Sick Twice». Незвычайны музычны падарунак юбілярам зрабілі і віцебскія госці — мультыінструменталіст Мікалай Крыўко і бард Леанід Аляксандраў. Было таксама прыемна ўбачыць і маладую каманду «Ніл». Ня­гледзячы на тое, што ў наш век новых тэхналогій існуе шмат розных магчымасцяў бавіць свой час, асабліва для моладзі, усё ж знаходзяцца тыя хлопцы і дзяўчаты, якія выбіраюць вечны, неўміручы рок-н-рол.
Не сакрэт, што зараз рок не такі папулярны сярод моладзі, як, напрыклад, рэп ці электронная музыка. Сёння, вядома, можна што заўгодна паглядзець на Ютубе, але гэта непараўнальна з энергіяй жывых імпрэз. І, гледзячы на маладых рокераў, верыцца, што прыйдзе час, і інтарэс да гэтага напрамку адродзіцца.