Ва ўрочышчы ля вёскі Тросніца нарыхтоўку кармоў вяло ААТ «Полацкі аграсервіс»

Заботы сельские

У  мінулую пятніцу на пасяджэнні Полацкага райвыканкама разглядаліся надзённыя пытанні: ход нарыхтоўкі кармоў і гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый Полацкага раёна да ўборкі ўраджаю і сяўбы азімых культур пад ура­джай 2019 года.

Ва ўступным слове старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук вызначыў для старшынь сельгас­арганізацый асноўныя пытанні, на якія яны зараз павінны накіраваць сваю ўвагу: галоўнае — нарыхтаваць як мага больш травяных кармоў, іх неабходна мець у паўтара разы больш, чым трэба ў год! Зараз па колькасці нарыхтаваных кармоў Полацкі раён адстае на адну кармавую адзінку. Трэба паправіць становішча. Пасля ўборкі рапсу пачнецца масавая праца на палях. Гаспадаркі павінны быць гатовыя да гарачай пары: максімальна падрыхта­ваць тэхніку, з першага дня ўборкі запусціць сушылкі, для ўдзельнікаў жніва павінна быць арганізавана двухразовае харчаванне! «Падтрымаем людзей у гарачы час — гэта наш абавязак. І трэба пастарацца, каб абеды ў полі былі якаснымі, але таннымі», — заклікаў Мікалай Шаўчук.

Старшыня райвыканкама нагадаў усім, што ў кліматычных умовах Полацкага раёна добры ўраджай можна атрымаць у перыяд да 15 жніўня. Канец ліпеня — пачатак жніўня — самая гарачая пара для тых, хто працуе ў полі. Полацкі райвыканкам гатовы аказваць садзеянне ў забеспячэнні гаспадарак механізатарамі, якіх пакуль не хапае.
Пра тое, што на палях Полацкага раёна вельмі хутка пачнецца самы гарачы час, гаварыла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Крывец.

У новы ўраджай укладзена нямала намаганняў і матэрыяльных рэсурсаў, таму неабходна якасна яго ўбраць.

Сёлета гаспадаркам раёна належыць убраць збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 11,1 тыс.га, крыжакветкавых — 2,8 тыс. га. Агульная плошча збожжавых і крыжакветкавых — 13,9 тыс. га. Плануецца атрымаць ураджайнасць збожжавых і рапсу не ніжэй за ўзровень мінулага года.
Па стане на 20 ліпеня ў Полацкім раёне працягваецца нарыхтоўка кармоў. Яна не спыніцца і тады, калі пачнецца ўборка хлеба. Гэта ўскладніць працэс нарыхтоўкі кармоў, таму што тэхніка будзе перанакіравана на ўборку збожжавых і зернебабовых.

Асноўнымі задачамі па забеспячэнні жывёлагадоўлі якаснымі і таннымі кармамі з’яўляецца павелічэнне плошчаў шматкампанентных пашаў ва ўсіх гаспадарках, забеспячэнне пэўнага догляду за імі і забеспячэнне кормавытворчасці пасевамі бабовых культур: канюшыны, люцэрны.

На 2018 год пастаўлена задача не толькі павялічыць коль­касць кармоў на зімовы стойлавы перыяд, але і значна палепшыць іх якасць, павысіць энергетычную спажыўнасць, не зважаючы на часам неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Праграмай кормавытворчасці на 2018 год прадугле­джана нарыхтаваць для грамадскай жывёлагадоўлі 68 тысяч тон кармавых адзінак, што ў пераліку на ўмоўную галаву складзе 28 цэнтнераў кармавых адзінак. Па стану на 20 ліпеня ў раёне нарыхтавана ў пераліку на кармавыя адзінкі больш за 26 тысяч тон кармоў, што на 9% ніжэй за ўзровень мінулага года. У разліку на ўмоўную галаву нарыхтавана 11,1 ц.к.а. Недабор кармоў склаўся з-за неспрыяльнага надвор’я.

Сучасная тэхналогія атрымання кармоў з высокай якасцю і захаваннем у іх усіх спажыўных рэчываў заключаецца шляхам нарыхтоўкі сенажу ў рулоны з абмоткай іх плёнкай. Сёлета такіх кармоў у раёне нарыхтавана ўдвая больш, чым летась.

Наталля Аляксандраўна прааналізавала нагрузку на адзін уборачны камбайн, гатоўнасць тэхнікі да жніва, адзначыла, што ўборку хлеба плануецца завяршыць за 20-25 дзён.