90-годдзе адзначыла жыхарка Полацкага раёна Галіна Радчанкова

Общество

Пайсці на дзень нараджэння да сяброўкі, якой споўнілася 90 год! Гэта вялікае шчасце, падарунак лёсу.

Менавіта так успрыняла юбілей сваёй лепшай сяброўкі Галіны Паўлаўны Радчанковай жыхарка аг.Зялёнка, ветэран педагагічнай працы 87-гадовая Любоў Аляксееўна Цішкевіч.

Ёй давялося кіламетр ісці пехатой, каб сустрэцца з чалавекам, з якім яе звязвае сапраўднае сяброўства з 1953 года! Сумесныя радасці і праблемы жанчыны заўсёды дзялілі пароўну, паміж імі не было ніводнага канфлікту!


— Галіна добрая, энергічная, заўсёды сустрэне ўсмешкай, ніколі не адпусціць без пачастунка, — расказвала яна пра юбілярку.
— Усе мае сяброўкі былі настаўнікі, — расказвала імянінніца. — Інтэлігентныя, цікавыя людзі, многаму ў іх вучылася.
Павіншаваць яе з юбілеем прыйшлі настаўнікі, з якімі калісьці працавала. Яны ўвайшлі ва ўтульны дом з акардэонам і песняй пра дзень нараджэння, пра юбілей, якім лёс узнагароджвае выбранных…

Жанчыны разам працавалі ў Зялёнкаўскай школе. Галіна Паўлаўна — бухгалтарам, загадчыкам гаспадаркі, справаводам, рахункаводам, бібліятэкарам, лабарантам. За 32 гады яна змяніла некалькі прафесій, але была верная аднаму працоўнаму калектыву. А Любоў Аляксееўна вучыла дзяцей матэматыцы.


За святочным сталом Галіна Паўлаўна ўзгадвала, як няпроста было ім з мужам гадаваць траіх дзяцей — Мікалая, Людмілу і Таццяну, працаваць, спраўляцца з хатняй гаспадаркай, але яны знаходзілі час для адпачынку з сябрамі і суседзямі. Юбілярка падзялілася з гасцямі радасцю: дзеці і ўнукі падарылі ёй незабыўнае свята ў Мінску, са шчырым відэафільмам пра яе жыццё. У яе ўжо ёсць тры праўнучкі і два праўнукі.
Галіна Паўлаўна па­дзялілася і сакрэтам даўгалецця: «Трэба шмат працаваць, любіць людзей, дзяцей, быць прыстойным!»