«П-С Карпекі» ўтрымлівае высокія пазіцыі па вытворчасці малака ў Полацкім раё­не 

Заботы сельские

Безумоўна, малако пачынаецца з кармоў. Таму ў Карпеках ужо вядуць іх нарыхтоўку. У мінулы чацвер мы былі сведкамі закладкі другой траншэі сенажу.

Аляксандр Кавалёў запэўніваў, што першы ўкос дае вельмі якасны корм. Спачатку скасілі травы з 8-кампанентнай пашы. Для выпасу жывёлы яны перараслі, а для закладкі на захоўванне — падыходзяць. Атрымалася 300 тон якаснага корму — на дзве траншэі па 150 тон. Да сіласу дадалі крыху саломы. Потым закрыюць корм поліэтыленам, зверху прыціснуць шынамі. Канешне, 300 тон для гаспадаркі — кропля ў моры (штогод тут нарыхтоўваюць каля 22 тысяч тон кармоў!), але дырэктар лічыць, што першыя тоны якаснага корму — залог будучага поспеху. Праз 12-14 дзён на скошаную пашу перагоняць дойны статак і атрымаюць малако. Для гаспадаркі такі падыход — двайная выгада!


У сельгаспрадпрыемстве «П-С Карпекі» заўсёды маецца паўтарагадовы запас кармоў, іх хапае да кастрычніка. 90% статка знаходзіцца на стойлавым утрыманні, таму, каб атрымаць малако, трэба шчыраваць жывёдаводам.

 

Дойны статак сельгаспрадпрыемства «П-С Карпекі» — 425 кароў. Сярэднесутачны ўдой на карову самы высокі ў Полацкім раё­не — 25 кілаграмаў малака. Штодзень гаспадарка прадае дзяржаве 10620 кг «белага золата» (122% да ўзроўню 2018 года).

За 5 месяцаў бягучага года жывёлаводы гаспадаркі атрымалі на 324 тоны больш каштоўнага прадукту, чым летась.


Аператары машыннага даення хорам сцвярджалі, што колькасць і якасць малака залежаць ад якасці кармоў і догляду за каровамі. Плюс важна своечасова вызначыць у жывёлы сервіс-перыяд. На ферме ўсе даяркі — прафесіяналы, таму з гэтым спраўляюцца паспяхова. Асеменатар Сяргей Пятроў удзячны працавітым жанчынам за дапамогу. Вет­урач Дзмітрый Кірпічонак расказаў, што для вызначэння цельнасці кароў выкарыстоўвае тэст-палос­кі. Перад запускам рагулі прымаюць розныя дабаўкі — гэта станоўча адбіваецца на іх здароўі. Каровам выдаецца энергетычны напой, у час раздою, на працягу 3 месяцаў, яны атрымліваюць гліцэрын. Ва ўзросце 12-13 месяцаў цялушка важыць 620-630 кг — самы час для асемянення. Загадчыца фермы Таццяна Дуброўская адзначыла, што калектыў у іх вельмі дружны, працуе пад дэвізам «Адзін за ўсіх, усе за аднаго», таму і вынік працы — добры.


На ферме «Кауны» хутка будуць здадзены ў эксплуатацыю новая даільная зала, чатыры траншэі, станцыя абезжалезвання, з’явяцца добрыя пад’язныя дарогі, агароджа фермы. На будаўніцтва гэтых аб’ектаў кіраўніцтва гаспадаркі ўзяло крэдыт на суму 5 мільёнаў рублёў. «Трэба прырастаць, развівацца!» — сказаў на гэты конт дырэктар гаспадаркі. Ён упэўнены, што сельгаспрадпрыемству разлічыцца з крэдытам  па сілах, ён хутка акупіцца: дзяржаве заўсёды будзе патрэбнае «белае золата», атрымліваць якое на ферме «Кауны» навучыліся на адзнаку «выдатна».