Цыкл «Цікавае падарожжа Надзейкі «Малая радзіма пачынаецца з сям’і» Полацкага РЦК працягваецца

Заботы сельские

У восеньскі дзянёк Надзейка праязджала праз вёс­ку Фарынава, любавалася казачнай палянай ля Фарынаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, дзе размешчаны прыгожыя драўляныя кампазіцыі. Не многія ведаюць, што гэта казачная паляна радуе жыхароў вёскі дзякуючы ініцыятыве Міхаіла Ігнатавіча Шульгі, які 8 гадоў узначальваў Фарынаўскі сельвыканкам.

Надзейка накіравалася ў вёску Машэлева, дзе жыве сям’я Шульга.

Галава сям’і нарадзіўся ў вёсцы Казюкі (цяпер в.Кутняны). Яго бацькі спазналі ўсе жахі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення Полацка маці скончыла педвучылішча. Працавала настаўніцай у Кутнянах, дзе і пазнаёмілася з бацькам Міхаіла Ігнатавіча. За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне адукацыі ёй прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь».


У Міхаіла Ігнатавіча ёсць два браты і сястра. Сястра працуе выхавальніцай у Фарынаўскім дзіцячым садку. А  браты — ваенныя, абодва палкоўнікі. Старэйшы Мікалай жыве ў Мінску, працуе галоўным інжынерам у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сярэдні брат на пачатковым этапе вайны ў Афганістане быў у складзе Віцебскай дэсантна-штурмавой брыгады, якая ўвайшла туды ў ліку першых. А брат жонкі Міхаіла Ігнатавіча Уладзімір Васільевіч Аўласенка камандаваў дывізіяй, якая выводзіла адтуль савецкія войскі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў і іх бацька, усе пяцёра яго братоў таксама былі ваеннымі. Таму, калі вялікая сям’я збіраецца разам, размоў пра агульную ваенную справу ніяк не пазбегнуць. Сын Міхаіла Ігнатавіча і Алы Васільеўны Дзмітрый зараз у званні падпалкоўніка працягвае дынастыю ў Полацкім пагранатрадзе.


Бацькі ж усё жыццё аддана працавалі на мірнай ніве. Ала Васільеўна — фармацэўт па адукацыі, Міхаіл Ігнатавіч — ветурач. Ён прыехаў на працу ў родны саўгас, 22 гады быў начальнікам свінагадоўчага комплексу, 14 гадоў дырэктарам сельгаспрадпрыемства «Банонь». Больш за 35 гадоў з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета. Тры скліканні быў дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Ганарыцца, што прысутнічаў на ўсіх цырымоніях інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі.
А вось палісаднік выглядае прыгожа дзякуючы пільнаму воку і клапатлівым рукам Алы Васільеўны. Кветкі — яе любоў. Ды і дачка Марына, хімік-эколаг, падтрымлівае маці ў яе жаданні наво­дзіць прыгажосць.

На падворку зараз гадуюцца свінні, былі раней каровы, гусі, куры і нават ласіха Глаша, якую гаспадары вырасцілі з зусім маленькага ўзросту. Бацька з сынам захапляюцца паляваннем і калекцыяніруюць паляўнічыя трафеі. За шмат гадоў у летняй кухні нават утварылася нешта накшталт сапраўднага музея.


Міхаіл Ігнатавіч і Ала Васільеўна звычайна частуюць гасцей стравамі, рэцэпты якіх перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Вось і Надзейка пачаставалася смажняй па-машэлеўску, якую запівала раўгеняй з жытняй мукі. Смажню даўней гатавалі восенню, калі забівалі хатнюю жывёлу. Каўбаскі, рабрынкі смажылі ў чыгунку ў печы, дадавалі крыху мукі і вады. На стол падавалі з тонкімі блінамі: альбо ў іх заварочвалі кавалачкі мяса, альбо імі макалі ў гаршчок. Калі пяклі хлеб, дзяжу, у якой заставаліся рэшткі рашчыны, залівалі вадой. Яна закісала, і атрымоўвалася раўгеня.

Надзейка падзякавала гаспадарам за гасціннасць і зноў зрабіла вынік: малая радзіма пачынаецца з сям’і.

Кацярына Паўловіч, рэдактар Полацкага РЦК.