Прафесійнае свята сустракаюць працаўнікі ААТ «Новыя Гараны» Полацкага раёна

Актуальное Заботы сельские

Яны прывыклі працаваць адказна, дружна, не задумвацца пра поспехі, не падводзіць свайго дырэктара. Вісарыён Нам упэўнены, што складальнікі поспеху іх гаспадаркі — дакладная арганізаванасць працэсу і высокая вытворчая дысцыпліна.

Галоўны ветурач Аксана Мурашка падзялілася ўражаннямі пра свой удзел у раённым, абласным і рэспубліканскім конкурсах прафесійнага майстэрства. На апошнім этапе яна заняла ганаровае трэцяе месца, але гэтым вынікам не задаволена. Будзе імкнуцца ў будучым да першынства, яна верыць у сябе, упэўнена ў сваіх ведах. Паралельна з абавязкамі ветурача Аксана Ула­дзіміраўна асвоіла прафесію асеменатара. Ёй цікавы гэты напрамак, спецыяліст развіваецца ў прафесіі.


Аператар машыннага даення Ірына Карабкова працуе на ферме 23 гады. «Маці працавала ў сельскай гаспадарцы, я ўжо ў старэйшых класах давала даяркам водпускі на канікулах», — успамінала працавітая жанчына. І адзначала, што вытворчасць малака ў іх гаспадарцы знаходзіцца на належным узроўні, таму што на малако — адзін з галоўных прадуктаў жывёлагадоўлі — працуе ўвесь калектыў.


Трактарыст-машыніст Сяргей Косцюшаў сёлета высокіх вытворчых паказчыкаў дасягнуў на сяўбе яравых і азімых культур. Сяргей Канстанцінавіч не хаваў, што ганарыцца сваімі працоўнымі перамогамі.


Аператар па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы Надзея Косцюшава вельмі любіць сваіх цялушак. Яны для яе як дзеці, патрабуюць і ласкі, і ўвагі, і добрага догляду. Жанчына прыехала ў Новыя Гараны ў 2006 годзе з Шумілінскага раёна. Уладкавалася ў мясцовую гаспадарку. У яе групе 132 цялушкі. Будучыя кароўкі маюць добры апетыт, іх кормяць сенам, мукой, даюць вітаміны і нават арахіс!


Трактарыст-машыніст Аляксандр Галай падчас жніва лідзіраваў у сваёй гаспадарцы па намалоце збожжа. Працаваў старшым камбайнерам разам з Сяргеем Бараноўскім.
Сваёй працай, сабраным ураджаем, атрыманым малаком новагаранцы прымнажа­юць дабрабыт роднай гаспадаркі, Полацкага раёна, вобласці, краіны.