Жывёлаводы УП «П-С Карпекі» — адны з лепшых на Полаччыне

Важное Заботы сельские

Традыцыйна на Полаччыне штомесяц ушаноўваюць лепшых жывёлаводаў, якія дасягнулі значных поспехаў. Чарговая вандроўка — ва УП «П-С Карпекі»: ­па выніках працы за мінулы год калектыў МТФ «Кауны» стаў лепшым у Полацкім раёне.

Жывёлаводы, якія заняты ў складанай галіне сельгасвытворчасці, павінны адчуваць, што іх нялёгкая штодзённая праца не застаецца незаўважанай, заахвочваецца і матэрыяльна, і маральна. Падчас сустрэчы ў памяшканні новага малочна-даільнага блока, уведзенага ў эксплуатацыю напрыканцы студзеня, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А.М.Дабраслаўскі ўручыў узнагароды загадчыцы МТФ Таццяне Дуб­роўскай. Яна, у сваю чаргу, адзначыла стараннасць жывёлаводаў, іх адносіны да справы. «Належныя паказчыкі натхняюць нас на далейшыя працоўныя поспехі», — адзначыла Таццяна Антонаўна.


Урачыстасць працягнула гутарка пра неабходнасць выканання правілаў тэхнікі бяспекі, забеспячэння спецаддзеннем. Нямала пытанняў выклікаюць і змяненні ў Працоўным кодэксе, асаб­ліва тыя, якія тычацца членаў прафсаюза.

Цікава было пазнаёміцца і з новымі ўмовамі працы. Малочна-даільны блок паступова ўводзіцца ў эксплуатацыю, зараз тут абслугоўваюць 160 кароў (вытворчыя магутнасці разлічаны на 600).


Дырэктар УП «П-С Карпекі» Мікалай Карасёў падзяляе аптымізм работнікаў: зроблены добры задзел на будучыню, працягваецца будаўніцтва жывёлаводчага памяшкання, у планах — узвядзенне дадатковых сянажных траншэяў. Гэта значыць, што наперадзе — новыя сустрэчы з сялянамі, адданымі сельскай гаспадарцы.

Фото автора.