«Цікавае падарожжа Надзейкі», праект Полацкага РЦК, набыў новае гучанне

Главное

«Цікавае падарожжа Надзейкі» працягваецца. Летась дзяўчыне пашчасціла пазнаёміцца з васьмю незвычайнымі сем’ямі, якія шануюць сваю бацькаўшчыну, яе традыцыйную культуру, роднасныя сувязі і сямейныя каштоўнасці.

Полацкі раённы Цэнтр культуры працягвае рэалізацыю праекта, але ўжо з новым гучаннем — пад дэвізам «Полацкая спадчына», таму і сэнс яго цяпер набывае большую глыбіню. Надзейка, як прадстаўнік маладога пакалення, раскажа равеснікам і ўсім, хто цікавіцца беларускай культурай, пра тое, што засталося палачанам ад іх продкаў, чым духоўна багата наша полацкая зямля.


А зараз, даведаўшыся пра тое, што зноў-такі ў Багатырскай народны фальклорны ансамбль «Галасы спадчыны» захоўвае спеўную традыцыю выканання купальскіх і жніўных песень «у перахлёст», унесеную ў мінулым годзе ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Беларусі, На­дзейка не магла не завітаць да сваіх старых знаёмых.
Тым больш што супрацоўні­кі Багатырскага СДК запрасілі яе на прэзентацыю этнаграфічнай экспазіцыі з асабістай калекцыі Веры Ула­дзіміраўны Пісюковай — заснавальніцы ансамбля «Галасы спадчыны» і носьбіта спеўнай традыцыі спеваў «у перахлёст».


Экспазіцыя з вялікай любоўю стваралася супрацоўнікамі СДК на чале з загадчыкам філіяла Аленай Лукавіцкай. Пераступаючы парог, адчуваеш подых эпохі: тут і печ з гаспадарчымі прыладамі, і калыска з немаўляткам, і стары стол, і ложак, і даматканыя палавікі на падлозе, і шматлікія сямейныя фотаздымкі, прадметы побыту і творчыя ўзнагароды Веры Уладзіміраўны і яе «Галасоў».


Надзейцы пашчасціла асабіста пазнаёміцца з блізкімі Веры Уладзіміраўны. Прыемна, што на прэзентацыю этнакутка завіталі яе сын Андрэй, сястра Валянціна, стрыечная сястра Зінаіда Сяргееўна, сяброўка Кацярына Аляксандраўна. Гос­ці з задавальненнем дзяліліся цёплымі ўспамінамі з жыцця сям’і Пісюковых.
А потым паліліся мілагучныя спевы «ў перахлёст». Народны фальклорны ансамбль «Галасы спадчыны», якім зараз паспяхова кіруе Таццяна Стараннік, падрыхтаваў прэзентацыю разам з узорным дзіцячым фальклорным ансамблем «Лецейка» (кіраўнік Галіна Мялешка). Калектывы выканалі творы, якія трапілі ў іх рэпертуар дзякуючы менавіта В.У.Пісюковай.

У 2015 годзе Вера Ула­дзіміраўна пайшла з жыцця, на фальклорным небасхіле Полаччыны пагасла найярчэйшая зорка, але песня яе не змоўкла і памяць аб ёй жыве ў сэрцах аднавяскоўцаў. І ўжо новае пакаленне пераймае полацкую спадчыну.

Кацярына Паўловіч, рэдактар Полацкага РЦК (тэкст і фота).