Оксане Лебедухиной вручили награду от Витебского областного комитета профсоюза работников сельского хозяйства

Заботы сельские

Аксана Лебядухіна, аператар машыннага даення ААТ «Кушлікі», некалькі разоў запар станавілася пераможцай вытворчага спаборніцтва сярод калег Полацкага раёна і Віцебскай вобласці ва ўзросце да 35 гадоў.

З нагоды працоўнай перамогі ў красавіку ёй зноў уручылі Падзячны ліст і грашовую дапамогу ад Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК. Маладая даярка за месяц атрымлівае ад сваёй групы больш за 26 тон малака пры сярэднім удоі ад рагулі каля 650 кілаграмаў. «Мае кароўкі — малочныя, за ўвагу і добры догляд адорваюць мяне прадуктам высокай якасці!» — жартуе Аксана Васільеўна. Але яе гумар — чыстая праўда. Яна старанна завіхаецца ля сваёй групы, уважліва сочыць за настроем кароў, удоямі. На ферме «Мікуліна», дзе працуе жанчына, утрымліваюцца каровы пасля ацёлаў, іх неабходна раздойваць. Гэта справа цяжкая, патрабуе вопыту і спрыту.
«Але наша Аксаны спраўляецца і ўсюды паспявае!» — нахвальваюць перадавую даярку калегі і расказваюць, з якой пяшчотай яна даглядае цялятак, як ласкава размаўляе з рагулямі, як імкнецца дасягнуць высокіх паказчыкаў у працы.

Прафесію жывёлавода Аксана Лебядухіна выбрала свядома. Яе бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы, хатнюю жывёлу яна любіла з дзяцінства, а зараз стала прафесіяналам сваёй справы.

Ад працы жанчына атрымлівае задавальненне. Хоць і вяртаецца дамоў стомленая, заўсёды з добрым настроем вітае мужа і дваіх дзяцей. На пытанне, ці адчувае сябе шчаслівай, Аксана Лебядухіна не адказвае, а толькі ўсміхаецца і паціскае плячыма. Нядаўна кіраўніцтва ААТ «Кушлікі» выдзеліла перадавой даярцы кватэру ў Кушліках, каб у сям’і былі лепшыя жыллёвыя ўмовы. Гэта акалічнасць будзе спры­яць дасягненню яшчэ лепшых поспехаў у працы.

Фота аўтара.