Праект «Цікавае падарожжа Надзейкі. Полацкая спадчына» працягваецца

Заботы сельские

Чарговае мерапрыемства праекта Полацкага раённага Цэнтра культуры «Цікавае падарожжа На­дзейкі. Полацкая спадчына», прысвечанае мясцовым побытавым танцам, адбылося ў аграгарадку Палата.


Гарадская дзяўчына Надзейка наведала адкрыццё этнакутка ў сельскім Доме культуры, дзе пазнаё­мілася з цікавымі людзьмі і мясцовымі танцавальнымі традыцыямі. Самае галоўнае, што беларускія народныя танцы папулярныя тут і сярод моладзі. Пры Палатоўскай ДС-БШ ужо шмат год існуе ўзорны фальклорны ансамбль «Знічка». Першым яго кіраўніком была Людміла Качарагіна, якая больш за 30 год займаецца развіццём фальклору і адраджэннем палатоўскай спадчыны. Зараз кіруе калектывам яе сын Сяргей Качарагін — чалавек таксама вельмі зацікаўлены і апантаны. На адкрыцці этнакутка хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі некалькі танцаў, з якімі ансамбль не аднойчы станавіўся пераможцам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.


Але не толькі побытавыя танцы «канёк» калектыву. Моладзь займаецца і песенным фальклорам, народнымі гульнямі, адраджае абрады, зберагае традыцыі. Таму ў адкрыцці этнакутка ўдзельнікі «Знічкі» прынялі самы актыўны ўдзел, а дапамагала ім больш сталае пакаленне — фальклорны калектыў СДК «Палатоўскія весялушкі». Яго кіраўнік Лідзія Батура разам з дзяўчатамі правяла міні-экскурсію і расказала гледачам пра кожны экспанат падрабязна. Акрамя калаўрота, праса, жорнаў у кутку яшчэ захоўваюцца даматканыя посцілкі, ручнікі, вышытыя абрусы, сурвэткі і карціны. Калі вас захапілі падарожжы па полацкай спадчыне, далучайцеся да «Цікавага падарожжа Надзейкі» ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Одноклассники», ацэньвайце відэасправаздачы і сачыце за новымі вясковымі прыгодамі Надзейкі.

Кацярына Паўловіч, рэдактар Полацкага РЦК.