Выязное пасяджэнне Полацкага райвыканкама прайшло ў філіяле «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі КХП»

Заботы сельские

На мінулым тыдні ў Віцебску з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Аляксанд­ра Субоціна абмяркоўвалася рэалізацыя Указа №70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці» і іншыя пытанні сельскагаспадарчай галіны.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў на гэтай рабочай нарадзе даручыў правесці ўборку зерневых на працягу трох тыдняў. Зараз на фінішную прамую ў вобласці выходзіць корманарыхтоўчая кампанія, пачынаецца ўборка азімага рапсу. Тыдні праз тры пойдзе ўборка зерневых. «Калі ўборка пераходзіць на верасень, усе работы зацягваюцца з-за расы і дажджоў. Адсюль зацягваецца падрыхтоўка глебы пад азімыя, іх сяўба, і адбудзецца правал усяго тэхналагічнага шлейфа. Таму ні ў якім выпадку нельга дапусціць парушэнняў агратэхнічных і тэхналагічных аспектаў», — падкрэсліў М.М.Шарснёў і акцэнтаваў увагу на неабходнасці сёлета прыступіць да ўборкі зерневых для патрэб жывёлагадоўлі на тыдзень раней і выкарыстоўваць плюшчылкі для ячменю і пшаніцы.


Пачатую ў абласным цэнт­ры размову працягнулі ў Полацкім раёне на выязным пасяджэнні райвыканкама ў філіяле «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі КХП». Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч прапанаваў дэталёва разгледзіць усе існуючыя пытанні па нарыхтоўцы кармоў і падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі.

Надзея ёсць
Праграмай кормавытворчасці на бягучы год прадугле­джана нарыхтаваць для грамадскай жывёлагадоўлі 71 тысячу тон кармавых адзінак травяных кармоў — 30,6 цэнтнера на ўмоўную галаву. Пакуль нарыхтавана больш за 28,2 тысячы тон кармоў: 93,4 тысячы тон сенажу; 1,7 тысячы тон сена; 1,7 тысячы тон зернесенажу; 3 тысячы тон сіласу. У разліку на ўмоўную галаву нарыхтавана 11,94 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў.

Філіялы «Гараны-Агра» і «Вясна-энерга», КУП Захарнічы» прыступілі да ўборкі траў другога ўкосу і аднагадовых траў.
З другога ўкосу Полацкім аграпрамысловым аб’яднаннем будзе арганізаваны атрад (касілка, граблі, прэс-падборшчык), каб праца ішла па графіку, і ў кожнай гаспадарцы былі кармы высокай якасці.


На думку спецыялістаў, другі ўкос для палачан будзе больш выніковым. Надзея паправіць становішча з кармамі ёсць у сельгаспрадпрыемстваў «П-С «Карпекі» і «Полацк-Мілк», дырэктараў якіх заслухалі на пасяджэнні выканкама.

Задача агульная
Для кіраўніка раённай улады Ігара Марковіча сёлетняя ўборачная кампанія першая ў Полацкім раёне, таму кожны нюанс — на яго ўласным кантролі.
Гаспадаркам раёна нале­жыць убраць зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы 14 тысяч гектараў, крыжакветкавыя — на плошчы 3,3 тысячы гектараў. Агульная ўборачная плошча зерневых і крыжакветкавых  — 17,3 тысячы гектараў. Плануецца атрымаць ураджайнасць зерневых культур і рапсу не ніжэй за ўзровень мінулага года (зерневых — 35 цэнтнераў з гектара, рапсу — 17 цэнтнераў з гектара).


Для выканання дзяржзаказу патрабуецца паста­віць дзяржаве 4,6 тысячы тон збожжа і 1,9 тысячы тон рапсу, у тым ліку 1750 тон пшаніцы, 2700 тон жыта, 150 тон харчовага ячменю.

Ва ўборцы ўраджаю прымуць удзел 57 камбайнаў, нагрузка ўборачных плошчаў на кожны — 302 гектары ў сярэднім па раёне. Зараз 50 адзінак тэхнікі на рамонце.
З 11 зернесушыльных комплексаў у раёне 8 спраўныя і гатовыя прымаць ураджай да яго дапрацоўкі. Ёсць 11 асобна стаячых і перасоўных зернесушылак.
У раёне маецца 280 трактарыстаў-машыністаў, для правядзення ўборачнай кампаніі 2020 года неабходна 333. Будуць прыцягнуты памочнікі з раённых і гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый.

Сістэмны падыход
Пры наведванні аб’ектаў філіяла «Гараны-Агра» — палёў, мехмайстэрні, пашы, фермы па вырошчванні цялушак — удзельнікі пасяджэння ўпэўніліся, што спецыялістамі гаспадаркі пабудавана сістэма севазвароту, захоўваюцца тэхналогіі вырошчвання культур, адпрацаваны парадак выпасу дойных статкаў.

Фота аўтара.