Учора на Полаччыне ўрачыста — з гучнай народнай песняй, якая неслася далёка па наваколлі, з захаваннем беларускіх традыцый — адзначылі адно з самых значных святаў сельскагаспадарчага календара — Зажынкі.
На поле ля вёскі Кутняны Фарынаўскага сельсавета, дзе каласіцца пшаніца, вырашчаная намаганнямі працаўнікоў сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк», сабраліся кіраўніцтва Полацкага раёна і інтэграцыйнай структуры ААТ «Полацкі малочны камбінат», дырэктары сельгаспрадпрыемстваў, камбайнеры УП «Полацк-Мілк», святар Дзмітрый з Полацкай епархіі, творчыя калектывы раённых ўстаноў культуры, каб разам распачаць жніво 2020 года, бо залатыя каласы паспелі і ад цяжкасці хіляцца да зямлі.
Менавіта з самага смачнага ў свеце пачастунка — духмянага каравая з мукі мінулага года — распачаліся раённыя Зажынкі. Усе пачаставаліся гэтам хлебам, каб сёлетні год быў ураджайным, а каравай Полаччыны-2020 яшчэ больш важкім.
Удзельнікаў мерапрыемства шчыра вітаў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, які заклікаў усіх падзякаваць зямлі-карміцельцы, якая шчодра адорвае нас ураджаем, корміць народ, забяспечвае харчовую бяспеку краіны. За залаты ўраджай мы павінны пакланіцца ёй долу. Кіраўнік раённай улады прачытаў верш Якуба Коласа пра зямлю, якая не зменіць і не здрадзіць, якая паслужыць і дарадзіць… Ён засяродзіў увагу на тым, каб хлебаробы адказна ставіліся да працы ў полі і вырашчаны ўраджай убралі без страт, да апошняга зернейка.
На свяце разгарнулася дзея, якая, нібы машына часу, перанесла ўсіх у мінулае стагоддзе, калі нашы продкі ўручную збіралі
збожжа.
Апранутыя ў кашулі з беларускім арнаментам, у поле вышлі касцы: старшыня райвыканкама Ігар Марковіч, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай Баратынскі, дырэктар ААТ «Полацкі малочны камбінат»-кіраўнік Полацкага інтэграцыйнага аб’яднання Васіль Хамёнак і дырэктар УП «Полацк-Мілк» Віталь Кузякоў. Мужчыны ўпэўнена, з імпэтам зрабілі некалькі пракосаў, пачаўшы ўборку зерневых 2020 года.
Агульнай радасці надалі першыя снапы з каласоў новага ўраджаю і малацьба старадаўнім метадам, выраб лялек-абярэгаў і падарункі ўдзельнікам жніва з гаспадаркі «Полацк-Мілк», старт уборкі ўраджаю-2020 камбайнам і першае залатое збожжа.
Значны ўклад у святочны настрой унеслі артысты Полацкага раённага Цэнтра культуры, Багатырскага і Сільніцкага сельскіх дамоў культуры. На Зажынках панавала атмасфера шчырасці і добразычлівасці, якая падарыла ўсім пазітыўныя эмоцыі і жаданне прынесці адданай працай яшчэ больш карысці роднай Полаччыне.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.