У 2012 годзе Беларуская федэрацыя футболу пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ААТ «Белаграпрамбанк» пачалі рэалізацыю агульнанацыянальнага праекта «Падары дзіцяці футбольны мяч». Футбольныя мячы на лінейках, прысвечаных святу апошняга званка, ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца першакласнікам сельскіх школ нашай краіны. За два папярэднія гады падарункі атрымалі больш за 50 тысяч маленькіх школьнікаў.
Арганізатары праекта лічаць яго мэтай далучэнне беларускіх дзетак да самага масавага на планеце віду спорту. Акцыя ўжо стала добрай традыцыяй, і сёлета мячы атрымаюць дзевятнаццаць тысяч першакласнікаў двух тысяч сельскіх школ. На Віцебшчыне праектам ахоплена амаль 300 школ, у якіх першы клас скончваюць больш за 2100 вучняў.
У апошнія вясновыя дні ААТ «Белагропромбанк» перадаў 161 мяч 19 сельскім школам Полацкага раёна. У некаторыя з іх на святочныя лінейкі завіталі і яго супрацоўнікі. А кіраўнік філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» у Полацку Сяргей Пестрыкаў наведаў адну з лепшых сельскіх школ Полаччыны — Ветрынскую СШ імя Дз.В.Цябута.
Выступаючы на лінейцы, ён падкрэсліў, што «Белаграпрамбанк» не выпадкова з’яўляецца партнёрам акцыі «Падары дзіцяці футбольны мяч». «Дзеці — гэта будучыня краіны, таму пытанні падтрымкі і аказання дапамогі дзецям для нашага банка з’яўляюцца значнымі накірункамі працы, — зазначыў Сяргей Уладзіміравіч. — Мы аказваем спонсарскую падтрымку маладзёжным праектам, конкурсам і установам адукацыі, ствараем адмысловыя банкаўскія прадукты для падрастаючага пакалення. Мы ніколі не пакідаем без увагі паўсядзённыя патрэбы нашых дзяцей, таму з вялікім задавальненнем падтрымліваем акцыю «Падары дзіцяці футбольны мяч», якая накіравана на прапаганду здаровага ладу жыцця».
…Як паказвае сусветны досвед, менавіта рабяты з правінцыі найчасцей становяцца «зоркамі» першай велічыні, дзякуючы настойлівасці, руплівасці і самабытнасці. Верыцца, што праект «Падары дзіцяці футбольны мяч» дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам далучыцца да актыўных заняткаў футболам. І раптам праз колькі год, дзякуючы атрыманаму на школьнай лінейцы мячу, у беларускім футболе з’явяцца новыя імёны?..
Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).