Працоўы поспех на жніве ў Полацкім раёне

Главное Заботы сельские Люди

Такога працоўнага поспеху на жніве ў Полацкім раёне не памятаюць нават старажылы. Сёлетняя ўборачная кампанія ўвойдзе ў гісторыю са значнай падзеяй: адзін з лепшых экіпажаў камбайнераў філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» у складзе камбайнера Сяргея Гарбаценкі і памочніка Ігара Данілкіна ўпершыню стаў двухтысячнікам, намалаціў больш за дзве тысячы тон збожжа, рапсу і траў. Калі дакладна пра збожжа, то ў бункеры новенькага «NEW HOLLAND» пабывала 1960 тон залатых зярнятак!

На сёлетняй уборачнай камбайнеры-пераможцы раённага спаборніцтва сярод экіпажаў камбайнераў, занятых на ўборачнай, працавалі на новым камбайне «NEW HOLLAND». Тэхніка працавала спраўна, і, пакуль было надвор’е, працавітыя хлебаробы паспелі намалаціць спачатку першую тысячу тон збожжа, а потым — і другую.
Павіншаваць з двухтысячным намалотам Сяргея Гарбаценку прыехалі старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі, старшыня прафкама філіяла Галіна Кароўчанка і журналісты рэдакцыі нашай газеты.
У мінулую пятніцу ішоў дождж, і Сяргея Віктаравіча мы напаткалі на мехдвары філіяла, дзе ён займаўся рамонтам сеялкі. «Трэба хутка сеяць, каб было што ўбіраць!» — тлумачыў перадавік жніва. Ён — сціплы па натуры чалавек, прымаў віншаванні стрымана, асабліва сваім працоўным поспехам не ганарыўся. Гэты хлебароб прывык адказна працаваць з ранку да вечара, і ўсе працоўныя поспехі для яго заканамерныя. Ён быў больш заклапочаны, што дождж не дазваляе ўбраць ураджай поўнасцю: яшчэ на полі застаюцца рапс, жыта, кукуруза.
— Камбайн не падводзіў. Убіралі азімую і яравую пшаніцу, жыта, рапс. Самую высокую ўраджайнасць прадэманстравала азімая пшаніца: 50-78 цэнтнераў з гектара. У параўнанні з мінулым годам — значна больш. Новы камбайн — не проста ўборачная тэхніка, а цуд, працаваць зручна — адно задавальненне! — зазначыў двухтысячнік і ўдакладніў, што працоўны поспех ён падзяляе са сваім надзейным памочнікам Ігарам Данілкіным.
Што ж спрыяла працоўнаму поспеху экіпажа-двухтысячніка? Канешне, у першую чаргу, — новая тэхніка. Захват жаткі ў два разы перавышае тыя, што ў айчынных камбайнаў. Па-другое, высокая ўраджайнасць культур — а гэта ўжо поспех агранамічнай службы. Па-трэцяе, новаму камбайну было дзе «разгуляцца»: у філіяле пад збожжавыя аддаюць вялікія плошчы. У дадатак да гэтага — спрыяльны мікраклімат у працоўным калектыве, добры настрой працуючых, выдатнае гарачае харчаванне, па традыцыі арганізаванае адміністрацыяй філіяла для працаўнікоў палёў. Так што двухтысячны поспех экіпажа — агульная перамога ўсіх працаўнікоў філіяла «Гараны-Агра».
Мы жадалі вопытнаму камбайнеру моцнага здароўя і далейшых поспехаў, дзякавалі за працу, любоў і клопат пра зямлю, пра забеспячэнне харчовай бяспекі — галоўнай задачы хлебаробаў, з якой нашы гаран­скія працаўнікі спраўляюцца на «выдатна».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *