Трэці тыдзень запар навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Полацка — Полацкага каледжа ВДУ імя Машэрава, Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці — працуюць у асноўным на палетках э/б «Ветрынская» і філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Навучэнцы з Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці ўбіраюць агародніцу на палях сваёй навучальнай установы і дапамагаюць ва ўборцы бульбы суседзям — э/б «Ветрынская». У філіяле «Вясна-энерга» студэнты спачатку падставілі плячо сяльчанам на ўборцы бульбы, а цяпер з пазітыўным настроем убіраюць моркву.
— Сёлета Полацкай раённай арганізацыяй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «БРСМ» для ўдзелу ў сельгасработах сфарміравана 30 студэнцкіх атрадаў, якія аб’ядналі амаль 700 навучэнцаў, — распавяла другі сакратар РК ГА «БРСМ» Яна Лапановіч. — Пазітыўнаму і нават баявому настрою студэнтаў на ўборцы агародніны садзейнічае тое, што многім студатрадам прысвоены імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны.
На полі ў вёсцы Заскаркі мы сустрэліся са студэнтамі, якія заўзята працавалі, і падзівіліся: якая прыгожая — яркага аранжавага колеру, вялікая, роўная ўрадзіла сёлета морква!
Нашы прыемныя ўражанні пацвердзіла і галоўны аграном філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Ганна Грышчанка. Яна паведаміла, што сёлета пад моркву аддадзена 20 гектараў плошчы, палову з іх ужо ўбралі. Сапраўды, агародніна дэманструе добры ўраджай: каля 400 цэнтнераў з гектара! Пры яе вырошчванні былі захаваны ўсе агратэхнічныя тэхналогіі — і вынік працы спецыялістаў парадаваў.
Навучэнцы Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа з атрада імя падпольшчыцы, сувязной партызанскай брыгады «Няўлоўныя» Ліліі Касцецкай (група 24) працавалі з добрым настроем. Яны размеркавалі паміж сабой абавязкі: адны — выцягвалі моркву з глебы і адрывалі бацвінне, іншыя — напаўнялі агароднінай вёдры і адносілі іх да машыны. Выкладчык каледжа Эльвіра Яроменка паведаміла, што на працу яе падначаленыя — а гэта група будучых тэхнікаў па папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый — штодзень, нават па суботах, прыязджаюць з добрым працоўным настроем. Усяго ў групе 24 хлопцы, 22 з іх — на полі. Норма для кожнага — набраць за смену, якая доўжыцца з 12 да 17 гадзін, 75 вёдраў морквы. Усе працуюць добра, але ў перадавіках Яўген Хрол і Уладзіслаў Кукуць, якія за дзень выконваюць па 3 нормы.
Нашымі суразмоўцамі сталі навучэнцы Аляксандр Мароз, Глеб Ламаносенка, Аляксей Іўчанка, Анатоль Касарэўскі і Аляксей Парамонаў. Усе хлопцы былі ў добрым настроі. Адзначылі, што сельгасработы ім усім — толькі на карысць: зносіны ў працоўнай абстаноўцы паляпшаюць мікраклімат у калектыве, за працу ў полі ім будзе налічаны заробак. На пытанне, як ставяцца да іх удзелу ў сельгасработах бацькі, хлопцы адказалі: «Толькі станоўча! Калісьці яны былі ў нашай ролі. Увогуле, што за студэнцкія гады без сельгасработ?». Мы пажадалі, каб нашы новыя знаёмыя назапасілі як мага больш добрых успамінаў пра гады
студэнцтва…
Акрамя моладзі, ва ўборцы ўраджаю філіялу «Вясна-энерга» дапамагаюць калегі з падраздзяленняў прадпрыемства РУП «Віцебскэнерга»: з Полацкай ЦЭЦ і Полацкіх электрычных сетак. Пакуль стаіць спрыяльнае надвор’е — усімі намаганнямі неабходна хутчэй убраць агародніну з палёў.