У Блізніцы адкрылася памятная шыльда ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Яўгена Іванавіча Кімстача

Главное

Апоўдні ў мінулую пятніцу ў аграгарадку Блізніца Полацкага раёна, ля адміністрацыйнага будынка ААТ «Блізніца», сабраліся на ўрачысты мітынг з нагоды адкрыцця памятнай шыльды ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Яўгена Іванавіча Кімстача яго аднасяльчане розных пакаленняў: ветэраны, сённяшнія працаўнікі гаспадаркі, моладзь, школьнікі, выхаванцы дзіцячага садка, блізкія людзі.

Рашэнне аб вырабе некалькіх памятных шыльдаў і змяшчэнні іх на адміністрацыйных будынках прадпрыемстваў і арганізацый, дзе яны працавалі, у гонар славутых землякоў Полацкага краю з мэтай ушанавання іх памяці прынята Полацкім райвыканкамам у мінулым годзе. Патрыятычная акцыя з назвай «Наш вясковец», прысвечаная 70-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, працягваецца і сёлета.

Урачысты мітынг з нагоды значнай падзеі ў Блізніцы адкрыў старшыня Вароніцкага сельскага Савета дэпутатаў Уладзімір Міраноўскі. Ён адзначыў, што Яўген Іванавіч Кімстач аддаў сваё жыццё дзеля дабрабыту роднага краю. Працуючы на адказнай пасадзе дырэктара калгаса імя Сільніцкага, ён ўмела кіраваў гаспадаркай, будаваў дарогі, дамы, быў мудрым, дальнабачным, спагадлівым кіраўніком. Інфармацыйная шыльда будзе нагадваць аднавяскоўцам пра земляка, чалавека, які пры жыцці быў Легендай.

Цёплыя, пранікнёныя словы ў адрас Героя Сацыялістычнай Працы прагучалі ад намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Блізніца» Кацярыны Кандыба. Я.І.Кімстач узначаліў калгас імя Сільніцкага ў 1958 годзе, і ўсе аднавяскоўцы добра ведаюць, што гаспадарка пад яго кіраўніцтвам дасягнула небывалага росквіту. Пра працоўныя поспехі сведчылі шматлікія граматы, падзякі, вымпелы, сцягі… Заслуга Яўгена Кімстача ў тым, што ён стварыў магутную базу — як вытворчую, так і ўсю сацыяльную інфраструктуру: пабудаваў школу, дзіцячы сад, Дом культуры, катэджы для аднавяскоўцаў, пошту, магазін і інш. «У якой яшчэ гаспадарцы ў 80-я гады мінулага стагоддзя быў лазня-пральны камбінат з чыстай азёрнай вадой, дзе працавалі водалячэбніца і басейн?» — спыталася Кацярына Кандыба ў аднавяскоўцаў. І зрабіла выснову: дзякуючы намаганням нераўнадушнага земляка, сапраўднага сына роднай зямлі, у Блізніцы яшчэ 20 год таму быў створаны аграгарадок…

Яўген Кімстач вельмі любіў людзей. І малых, і пажылых. Умеў выслухаць, зразумець і заўсёды імкнуўся дапамагчы. Ён быў справядлівым, спагадлівым, надзейным. Яго любілі, паважалі, яму верылі і ішлі за ім. У мінулым годзе смерць гэтага легендарнага чалавека адгукнулася болем у сэрцы ўсіх, хто яго ведаў. Жыхары Блізніцы нібы страцілі свайго важака.

Успамінамі пра Яўгена Кімстача падзяліліся на мітынгу аднавяскоўцы. Андрэю Маркавічу Агурцову пашчасціла працаваць з ім — сапраўдным гаспадаром, бескарыслівым і прыстойным чалавекам. Ірына Уладзіміраўна Калека, былая настаўніца Вароніцкай СШ, ­узгадала, з якой павагай ставіўся Яўген Кімстач да дзяцей, у іх ён бачыў будучыню: «На вачах сталелі хлопчыкі-старшакласнікі, якім Яўген Іванавіч заўсёды дружалюбна паціскаў руку пры сустрэчы. Ад гэтага простага жэста кіраўніка гаспадаркі ў юнакоў вырасталі крылы. А ў час выступлення старшыні ў школе ўсе вучні заміралі».

Жонка Героя Антаніна Антонаўна Кімстач выказала падзяку за арганізаваны мітынг, а потым памяць роднага чалавека блізкія людзі ўшанавалі ўскладаннем да памятнай шыльды чырвоных гваздзікоў.

Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Ігара ПАЛЫНСКАГА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *