У філіяле «Вясна-энерга» Полацкага раёну поўным ходам ідзе пасадка белакачаннай капусты і бульбы

Заботы сельские

У гэтыя майскія дні кіпіць праца на палях філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга»: агароднінаводы высаджваюць у адкрыты грунт капусту і садзяць бульбу.

Сёлета ў філіяле, які традыцыйна вырошчвае агародніну на продаж для спажыўцоў з Наваполацка і Полацка, запланавана адвесці пад бульбу 60 га плошчы, пад моркву — 20, пад буракі — 10 і пад капусту — 18.

У аўторак на бягучым тыдні працаўнікі філіяла пачалі садзіць белакачанную капусту. Гэтая агародніна ў мінулым годзе парадавала аграномаў высокім ураджаем, а спажыўцоў — добрымі смакавымі якасцямі.

На адным з палёў недалёка ад вёскі Гліні­шча гаспадарыла брыгада абароненага грунту філіяла. Жанчыны на чале з брыгадзірам Любоўю Ралавец працавалі на расадапасадачнай машыне і ўважліва сачылі, каб кожная расліна капусты была добра пасаджана. Штогод рыхтуе пасадачны матэрыял вопытны аграном філіяла Святлана Русінская. Жанчына і сёлета пасеяла капусту трох сартоў — раннюю «Іларыю», сярэдняга тэрміна спеласці «Проктар» і познюю «Зянон». Пасадку пачалі з ранняга сорту.

— Вясной уняслі мінеральныя ўгнаенні, у мінулым годзе на гэтым полі была азімая пшаніца, з восені глебу апрацавалі, пракультывавалі, — расказала галоўны аграном філіяла Ганна Грышкевіч.

У тым, што ўсё зрабілі правільна і своечасова, спецыяліст упэўнена, бо пасадка агародніны для працаўнікоў філіяла — справа не новая, а прывычная. За дасягненні ў працы і высокія ўра­джаі Ганне Генрыкаўне Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь тры гады запар прысвойвае званне «Лепшы аграном». Два разы міністэрскім дыпломам узнагароджвалі, як лепшы па дасягненнях, і філіял «Вясна-энерга».

Бульба хлеб беражэ… З гэтай прымаўкай згодны агароднінаводы філіяла, таму штогод вырошчва­юць «другі хлеб». У мінулым годзе спажыўцам прыйшоўся даспадобы сорт «Каралева Ганна». Таму сёлета менавіта яго і вырашылі садзіць. «Чым лепш апрацавана глеба, тым лягчэй будзе бульбачцы расці», — расказвае Ганна Грышкевіч і дадае: «Калі набылі грэбнеўтваральнік, ураджай­насць другога хлеба значна павялічылася!»
На бульбасаджалцы працаваў вопытны агароднінавод Аляксей Кокін. «Ён — прафесіянал, — хва­ліла спецыяліста галоўны аграном. — Моркву пасеяў, буракі. Заўсёды адказна ставіцца да працы, любіць сваю справу!”

Аляксей Юр’евіч быў у добрым настроі: тэхніка працуе спраўна, надвор’е цёплае. Задавальняе насенны матэрыял, глеба апрацавана якасна. Бульбасаджалка сама клубні садзіць, апрацоўвае іх супраць хвароб.

«Усе нашы працаўнікі — старанныя. У нас дружная каманда аграномаў, спатрэбіліся веды і вопыт брыгадзіра вытворчай брыгады Анатоля Рубніковіча, які ўладкаваўся к нам на працу нядаўна», — адзначыла Ганна Грышкевіч.

«Будзем з агароднінай!»  — запэўніла мяне суразмоўца. І праінфармавала, што для агароднікаў у гандлёвую сетку філіяла паступіла ў продаж расада агуркоў, таматаў, капусты і перцаў.