У перыяд масавых палявых работ палачане падстаўляюць сялянам надзейнае плячо

Актуальное Заботы сельские

Штогод у перыяд масавых палявых работ гараджане падстаўляюць сялянам надзейнае плячо. У гаспадарках ужо актыўна працуюць 30 прыцягнутых працаўнікоў з гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый.
Адзін з іх – Юрый Геранін, слесар-рамонтнік, трактарыст Лакаматыўнага дэпо Полацк. Ужо 16 год запар ён прыяз­джае аказваць шэфскую дапамогу сялянам на трактары Беларус 1221. Да сезоннай працы ў КУП «Захарнічы» ён меў за плячыма 15-гадовы вопыт працы ў сельскай гаспадарцы.

У аўторак на нарадзе старшыні Полацкага райвыканкама Ігара Марковіча з замацаванымі за гаспадаркамі раёна кіруючымі работнікамі райвыканкама, грамадскага аб’яднання, прадпрыемстваў і арганізацый Полацка і Полацкага раёна ішла размова пра пытанне №1 — сяўбу.

«Зямля лёгкая, самы час працаваць у полі! За дзень мы павінны засяваць плошчу 600-800 гектараў, а паспяваем пакуль толькі 300-350», — з засмучэннем адзначыў кіраўнік раённай улады. І звярнуў увагу на важныя моманты, з-за якіх ідзе затрымка і гаспадаркамі раёна не выконваюцца штодзённыя даведзеныя заданні.
Першая праблема — тэмпы. Гаспадаркі адстаюць у падрыхтоўцы глебы. Другая — арганізацыя працы. Механізатары губляюць час, позна выязджаюць у поле. Падрыхтоўку тэхнікі і запраўку палівам трэба рабіць вечарам, каб назаўтра ў 6 гадзін раніцы пачаць працаваць. Затрымліваюць сяўбу паломкі тэхнікі і нерацыянальнае яе выкарыстанне.
На палях павінен быць парадак, іх не ўпрыгожваюць не ўбраныя своечасова салома, смецце, камяні, поліэтылен.

Куратары гаспадарак, акрамя пытанняў па сяўбе, павінны звяртаць увагу на знешні выгляд населеных пунктаў і з дапамогай сельскай улады вырашаць існуючыя пытанні.
На нарадзе разглядаўся стан спраў у кожнай гаспадарцы. Сельгаспрадпрыемствы з пастаўленымі задачамі на сяўбу справяцца самастойна, дапамога неабходна толькі «Э/б Ветрынская».

«Наша агульная мэта — вал зерня!» — нагадаў Ігар Марковіч і падкрэсліў важнасць захавання тэхналогій у апрацоўцы глебы і правядзенні сяўбы.

Фота аўтара.