У рамках праекта «Вада+Фарба+», што рэалізуецца ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, адбылася выстава «Акваторыя. Нацюрморт», на якой былі прадстаўлены работы вядомай віцебскай акварэлісткі Святланы Врублеўскай.
…На адкрыцці выставы мастачку прадставіла загадчыца Мастацкай галерэі Ларыса Лысенка. Яна адзначыла, што Святлана Врублеўская, якая з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў, дацэнтам кафедры дызайна Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, ужо праводзіла персанальныя выставы ў нашым горадзе, удзельнічала ў акварэльных праектах галерэі. Акварэль — асаблівы сусвет Святланы, з празрыстых пялёсткаў якога яна стварае свае прамяністыя работы. Кожная з іх дорыць гледачу эстэтычную асалоду, заварожвае спалучэннем рэалістычнасці, творчасці і гармоніі, якая адкрываецца ў звыклай
рэчаіснасці.
Значную частку экспазіцыі выставы склалі работы, выкананыя мастачкай на пленэрах у Чарнагорыі і Расіі, а шэраг работ быў напісаны ёю спецыяльна для дадзенай выставы. Святлана — сапраўдны майстар складанай класічнай тэхнікі лесіравальнага малявання, калі тонкія паўпразрыстыя слаі кладуцца адзін на адзін, нараджаючы асаблівую паўнагучнасць колераў, лёгкі і пяшчотны каларыт.
Падчас адкрыцця выставы Святлана Врублеўская правяла майстар-клас для гледачоў, у ходзе якога жадаючыя пад кіраўніцтвам мастачкі мелі магчымасць намаляваць свой уласны акварэльны нацюрморт і падзівіцца, як шыкоўна гэта атрымліваецца ў сапраўднага майстра!