У трэцяе смачнае падарожжа ў аграгарадок Мацюшы Азінскага сельсавета накіравалася пытлівая гарадская дзяўчынка Надзейка.

Культура

У мінулую сераду ў чарговае, трэцяе смачнае падарожжа накіравалася ўжо знаёмая нашым чытачам пытлівая гарадская дзяўчынка Надзейка. На гэты раз яе шлях ляжаў у аграгарадок Мацюшы Азінскага сельсавета.

Раней у свой блакнот На­дзейка занатавала рэцэпты некалькіх рэдкіх беларускіх страў, якімі па­дзяліліся з ёй жыхары вёсак Багатырская і Блізніца: цыбрыкаў і раўгені па-беларуску, рыбнага шчаўя і таўчонкаў з макам. Пра свае першыя падарожжы дзяўчына расказала ўсім жадаючым юнакам і дзяўчатам — карыстальнікам сацыяльных сетак «Вконтакте» і «Одноклассники» — на старонцы «Смачнае падарожжа Надзейкі». На гэты раз яна ехала вучыцца гатаваць гарохавыя камы па-мацюшэўску.

Спачатку гарад­ская госця завітала на свята «Камаедзіца», якое нала­дзілі для мясцовых дзяцей супрацоўнікі Мацюшэўскага сельскага Дома культуры. «Мы штогод святкуем «Кама­е­дзіцу» ў пачатку вясны ля даравальнага камня Лесуна на Мацюшэўскім скрыжаванні», — расказалі ёй выхаванцы дзіцячага фальклорнага гуртка «Задорынка» Мацюшэўскага СДК. Мала хто ведае, што ў гэтай мясцовасці ля ракі Званіца існуе Мацюшэўскае скрыжаванне з вялізным камянём Лесуна. Менавіта да яго сяляне спакон веку прыходзяць гукаць вясну, залагоджваць мядз­ведзя, святкаваць «Кама­едзіцу».


Надзейка стала сведкай цікавай, нават казачнай дзеі, у якой бралі ўдзел дзяўчынкі і галоўны герой свята Мядзведзь. Вясковыя дзеці ведаюць, што раней іх продкі адзначалі «Камаедзіцу» напярэдадні Благавешчання. Лейтматыў свята — абуджэнне прыроды пасля доўгага зімовага сну. Людзі радаваліся, што нарэшце развіталіся са снегам і маразамі, і весела сустракалі вясну. А мядзведзю, якога вельмі шанавалі ў старажытнасці, адводзілі на свяце галоўную ролю. Лічылі, што як толькі яны разбу­дзяць яго ад зімовага сну — адразу вясна прыйдзе. Як жа стараліся дзяўчынкі, якія цудоўныя вершы пра вясну чыталі! Гаварылі гучна, каб мядзведзь пачуў. І ён прачнуўся! Каб жывёла была спагадлівай, дзеці прынеслі ёй у лес пачастункі і абяцалі абавязкова пачаставаць гарохавымі камамі. Верагодна таму і свята называецца «Камаедзіца», таму што ў гэты дзень «камы елі».


Гатаваць гэтую страву паехалі ў аграгарадок Мацюшы. Там Надзейку чакала мясцовая доўгажыхарка Вольга Цімафееўна Рабікава, гатовая перадаць ёй рэцэпт старадаўняй кашы. На самой справе камы — гэта бульбяная каша з цыбуляй, морквай, сушонымі грыбамі, льняным алеем і гарохам. Да прадуктаў дадаюцца кмін, вада і соль. Інгрэдыенты кладуць у чыгунок слаямі. Тушаць у печы каля гадзіны. А потым частуюць усіх са словамі «Вось і табе ком, і табе…». У кожнай порцыі — тушаная агародніна з гарохам. Пакуль гатаваліся камы, апетытны пах распаўсюдзіўся па ўсёй хаце. А потым гаспадыня частавала рэдкай беларускай стравай усіх гасцей.


Мы бліжэй пазнаёміліся з Вольгай Цімафееўнай. Яна — тутэйшая, з вёскі Качарэжына. Да 20 гадоў з сям’ёй — маці, бабуляй і сястрой (бацька загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны) — жыла ў гэтых мясцінах. Потым яна су­стрэла сваё каханне, нарадзіла траіх дзяцей, жыла ў г.Ліда Гродзенскай вобласці. Але душа заўсёды імкнулася дамой, у родныя мясціны. У 1975 годзе яны вярну­ліся на Полаччыну.

Рэцэпту прыгатавання гарохавых камоў не адна сотня гадоў. Наша 80-гадовая гераіня атрымала яго ў спадчыну ад сваёй бабулі, у якой быў доўгі век — 92 гады. А бабуля — ад сваёй бабулі. Даўней камы ў сям’і Вольгі Цімафееўны гатавалі часта, а цяпер — толькі па святах. Суседзі-мацюшэўцы таксама ведаюць гэтую страву, але сапраўдныя камы атрымаюцца толькі пасля тушэння ў рускай печы. На жаль, у Мацюшах, на ўвесь аграгарадок іх ужо амаль няма.

На жаль, муж пайшоў з жыцця, і жанчына засталася ў вё­сцы адна.
Але дзеці — дачка і два сыны — першыя памочнікі для маці. Бабуля цешыцца чатырма дарослымі ўнукамі. Маладое пакаленне Рабікавых пайшло сваім шляхам: унукі жывуць у Карэліі і нават у Амерыцы. Ці лічыць Вольга Цімафееўна сябе шчаслівым чалавекам? Мы пачулі станоўчы адказ. Лёсам наканавана было перажыць цяжкія выпрабаванні, але ўсё мінула, і зараз бабуля жыве клопатамі дзяцей, радуецца кожнаму іх прыезду. На прапанову стаць гераіняй тэлевізійнага праекта «Полаччына гасцінная», які рэалізуецца рэгіянальным тэлеканалам «Скіф» і Полацкім раённым Цэнтрам культуры, згадзілася адразу: вельмі цікава стаць зоркай у 80 год!