Працягваецца гарачая пара барацьбы за ўраджай. Аграрыі імкнуцца як мага хучэй скончыць жніво, але нябесная канцылярыя час ад часу ўносіць свае карэктывы ў выглядзе неспрыяльных для працы праліўных дажджоў. Але полацкіх хлебаробаў гэта не пужае, як толькі выдаецца добрае надвор’е, шчыруюць на палях. І ўжо далёка не адна тысяча тон збожжа намалочана і перавезена руплівымі камбайнерамі і кіроўцамі.
З віншаваннямі да вадзіцеля з ААТ «Новыя Гараны» Аляксандра Каралевіча, які першым сярод маладых кіроўцаў перавёз тысячу тон збожжа, адправіліся в.а. першага сакратара Полацкага РК ГА «БРСМ» Яна Лапановіч і галоўны спецыяліст камітэта Інеса Шухлева.
Сашу чакалі не толькі шчырыя пажаданні поспехаў у нялёгкай працы, але і цудоўная сувенірная майка з надпісам «1000 перевез» і «#Полоцкрулит». А яго баявы «таварыш» МАЗ атрымаў фірменныя наклейкі ад РК ГА «БРСМ», якім адразу ж знайшлося месца на кабіне.
Малады кіроўца расказаў, што ў гаспадарцы працуе ўжо дзясяць год, і ўборачная таксама дзясятая. А дасягнуць тысячнага рубяжу на перавозцы зерня ад камбайнаў давялося ўжо ў пяты раз. Дарэчы, і героем публікацыі ў нашай газеце Саша станавіўся не раз.
— Стараюся своечасова паспець на поле да камбайнаў, каб яны выгрузілі намалочанае збожжа, — дзеліцца Аляксандр. — Ёсць падчас працы на жніве і своеасаблівы азарт, хочацца хутчэй за іншых перавезці тысячу тон каштоўнага грузу.
Прызнаўся наш герой, што для яго ўборачная кампанія — час няпросты, калі любімую жонку Аксану і дачушку Улляну амаль не бачыць і дома па гаспадарцы не заўсёды атрымліваецца дапамагчы. Але Аксана ўсё разумее і падтрымлівае мужа.
Хлопца за працавітасць і адказнасць вельмі цэняць у ААТ «Новыя Гараны».
— Саша, як руплівая пчала. З раніцы, калі трэба, на трактар садзіцца, а як камбайны выходзяць у поле, выязджае на адвозку збожжа. А пасля, калі ёсць неабходнась, вывозіць зерне з сушылкі. Любую просьбу выконвае без пытанняў, — хваліць маладога кіроўцу галоўны аграном ААТ «Новыя Гараны» Сяргей Дземідзёнак.
Канечне, доўга затрымліваць Аляксандра Каралевіча мы не сталі, бо на жніве кожная хвіліна на ўліку. Дзяўчаты з РК ГА «БРСМ» яшчэ раз пажадалі хлопцу добрага надвор’я і дасягнення новых вяршынь.