На Полаччыне адзначылі «Зажынкі»

Главное Экономика

…Ва ўрочышчы Масенкава УП «Палімір-Агра» апоўдні было шмат тэхнікі і людзей: на полі плошчай 4 га ў лінейку гатоўнасці выстраіліся камбайны, пагрузчыкі, трактары, занятыя на адвозцы зерня, бензавоз, пажарная машына, а таксама сабраліся ўдзельнікі жніва, спецыялісты гаспадаркі і паважаныя госці — спецыялісты Полацкага райсельгасхарчу на чале з начальнікам Мікалаем Баратынскім і кіраўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна.

Нагода для сустрэчы на хлебным полі (тут з ранку ўбіралі азімую пшаніцу) была доўгачаканая і прыемная: з «Зажынак» у «Паліміры-Агра» пачыналася масавае жніво ў Полацкім раёне!

Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай Баратынскі. Ён адзначыў, што традыцыйны малебен напачатку ўборачнай кампаніі праводзіцца з галоўнымі двума мэтамі: па-першае, каб папрасіць Бога ў гарачы час сельскагаспадарчых работ засцерагчы ад усялякай бяды працаўнікоў палёў, а па-другое, каб уборцы зерневых спрыяла добрае надвор’е. Ураджай сёлета вырас неблагі: у першыя дні ўборкі ўраджайнасць зерневых у некаторых гаспадарках перавысіла 30 ц/га. Як гасцінныя гаспадары, работнікі гаспадаркі «Палімір-Агра» ўручылі намесніку кіраўніка раёна духмяны каравай: каб з мукі новага ўраджаю атрымаць тысячы тон свежага хлеба!

Напачатку малебна айцец Георгій пажадаў прысутным, каб Гасподзь узмацніў цялесную моц кожнага… Малітва панеслася далёка па наваколлі, напоўніла паветра асаблівым, непаўторным хваляваннем.

Дырэктар гаспадаркі «Палімір-Агра» Віктар Яноўскі і галоўны аграном Дзмітрый Іваноўскі зазначылі, што сёлета ім належыць убраць зерневыя з плошчы 1450 га і яравы рапс з плошчы 38 га. Яравыя культуры дадуць лепшую ўраджайнасць, чым азімыя. У першыя дні ўборкі праца пайшла шпарка. З плошчы 35 га ўжо намалацілі 105 тон зерня. Сярод камбайнераў вызначыліся лідары — Леанід Чарткоў і Мікалай Міхаль. Гледзячы на іх, набіраюць тэмп уборкі хлеба Міхаіл Нізікаў і Аляксей Вялюга. Людзей на ўборачную хапае: з кадрамі дапамог інвестар — завод «Палімір» ААТ «Нафтан». На малебне прысутнічалі вадзіцелі Дзяніс Шакалаў, Фёдар Пугачоў, заняты на спрасаванні саломы Віктар Казлоў, вадзіцелі Эрык Кусаў, Уладзімір Бумажэнка, Іван Дубоўскі, Эрык Палас. Яны не ўсе сяльчане, некаторыя — з завода «Палімір». Для паліміраўскіх удзельнікаў жніва малебен на полі стаў са­праўднай падзеяй.

Мікалай Баратынскі зазначыў, што сёлетняе жніво, як заўсёды, не будзе простым. Плануецца ўбраць ураджай зерневых на плошчы амаль 17 тысяч гектараў і азімы рапс на плошчы 841 га ў сціслыя тэрміны — за два тыдні. У поле выйдуць 82 камбайны. Галоўная мэта хлебаробаў — справіцца з заданнем своечасова і якасна, пры ўборцы не страціць ніводнага хлебнага каласка.

Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *