Полацк наш, ты — крынiца натхнення

Главное

Квітнеючы май. Ветрык, напоены водарам бэзу, гайдае на рачных хвалях белакрылых чаек, у блакіце нябёсаў плывуць аблокі, да далёкага мора нясе свае воды прыгажуня- Дзвіна… Як і тысячу год таму. Толькі сёння тут — мы. Гэта — наш дзень, гэта — наша сёння. Гэта — наш горад.

Ад Полацка пачаўся свет. Адсюль, з блаславёнай зямлі, з высокага дзвінскага берага, дзе стромкім ветразем узносіцца ў неба Сафія, адпраўляліся ў падарожжа лёсу слынныя палачане. Тут пачаўся і наш шлях. Нам выпалі гонар і шчасце быць іх працягам, годна ісці па жыцці, з любоўю, святлом і верай у сэрцы.

Тут — скрыжаванне дарог, кожны крок па якіх адгукаецца рэхам сівой даўніны. А ў начной чуйнай цішы, варта прыслухацца, гучыць плач зямлі па сынах і дочках, жураўлямі адляцеўшых да зорак. Час ад часу лязгоча зброя змагароў за шчасце і волю роднай зямлі… Мы памятаем!
Тут — калыска нашай дзяржавы, тут — выток веры. Тут — крыніца натхнення, з якой піць — не напіцца. Простымі словамі не выказаць бясконцую адданасць і шчырую любоў. Нашы песні, нашы вершы, наша любоў — табе, родны Полацк! Нашы добрыя справы — табе…

…Дзіцячая няўпэўненая рука бярэ пэндзаль, каб расказаць мовай фарбаў пра горад шчаслівага лёсу. Вось Дзвіна, вось птушкі над ёю, вось Сафійскі сабор… І раптам сціплы струменьчык чыстай дзіцячай любові пачынае звінець паўнаводнай ракой ва ўнісон з велічнымі акордамі аргана — над Дзвіною, над Полацкам… аж да самых аблокаў!

У тысячагадовым летапісе горада нашы лёсы — імгненні. І кожны — бы цэлы сусвет. Палачанін Віктар Казіміравіч Любавіцкі су­стрэў сёлета дзевяноста шостую вясну… Усё было ў яго лёсе — і крылатае юнацтва, і жорсткія выпрабаванні ваеннага ліхалецця, і горкія незабыўныя страты, і самаадданая праца… І вось вясна, і зноў ён тут, ля Сафіі, і зноў садзіцца за мальберт… І зноў малюе родны, любы горад. Прайшоўшы вайну, ён напоўніцу адчувае смак жыцця на мірнай, роднай, адзінай, самай любай на свеце зямлі…

Што будзе праз сто, праз тысячу год? Хто прадоўжыць нашы справы? Для каго будуць спяваць салаўі над Дзвіной?.. Сёння тут — мы. Гэта — наш дзень, гэта — наша сёння. Гэта — Полацк, горад, да­дзены нам шчодрым лёсам. Святкуем яго дзень народзінаў разам. І разам крочым у заўтра. Са святам, палачане!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *