Палачане на «Дажынках» у Сянно + ФОТА

Заботы сельские

У мінулую суботу аграрыі з усёй Віцебскай вобласці, прадстаўнікі перапрацоўчай прамысловасці, лепшыя працаўнікі ўсіх галін, хто дапамог г.Сянно ператварыцца ў прыгожы, сучасны беларускі райцэнтр, сабраліся ў гэтым утульным населеным пункце на абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016», каб разам узважыць абласны хлебны каравай бягучага года.

Мясцовыя жыхары і госці былі ўзрадаваны тым, што прырода падарыла «Дажынкам-2016» добрае надвор’е. Некалькі гадзін да пачатку свята быў праліўны дождж, а як толькі госці даехалі да мяжы з Сенненскім раёнам — неба прасвятлела і нават выглянула сонейка. Сенненцы сустракалі дэлегацыі хлебнымі караваямі і душэўнай беларускай песняй.

Святочная праграма прадугледжвала ўдзел кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікоў дэлегацый з усіх раёнаў Прыдзвінскага краю і з абласцей — Пскоўскай, Цвяр­ской, Смаленскай і Бранскай Расійскай Федэрацыі ў шматлікіх мерапрыемствах і праектах. На суботні дзень было запланавана адкрыццё новых і рэканструіраваных аб’ектаў, тэатралізаваныя прадстаўленні, выстава караваяў, шматлікія канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы і традыцыйнае ўшанаванне людзей, для якіх выраз «Хлеб — усяму галава!» стаў дэвізам у працы.

Афіцыйная частка свята пачалася на цэнтральнай плошчы адноўленага раённага цэнтра з ушанавання памяці загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну воінаў — ураджэнцаў сенненскага краю. А потым дэлегацыя ганаровых гасцей у складзе старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Леаніда Анфімава, старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, кіраўнікоў рэспубліканскіх міністэрстваў і ведамстваў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыя­льнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Рэспублікі, старшынь гарвыканкамаў, райвыканкамаў Віцебскай вобласці, расіян ля памятнага знака «Родны край» стала сведкай яркага тэатралізаванага прадстаўлення «Вытокі сімвалаў краіны». Для многіх гасцей стала адкрыццём тое, што менавіта ў г.Сянно нарадзілася таленавітая майстрыха Матрона Маркевіч — аўтар арнамента, які ўпрыгожвае дзяржаўны сцяг Беларусі.

Ганаровым гасцям свята, сярод якіх вылучаўся з-за вышыні росту былы баксёр, чэмпіён свету, а сёння дэпутат Дзярждумы Расіі Мікалай Валуеў, гаспадары Сянно прадаставілі права пераразаць чырвоную стужку новага, пабудаванага сёлета, Палаца ўрачыстых абрадаў.

Кожны аб’ект на шляху дэлегацыі гасцей радаваў адноўленым знешнім выглядам і ветлівымі гаспадарамі. Госці дзівіліся на выставу хлебных караваяў, сельскагаспадарчай тэхнікі, пабывалі ў новым фізкультурна-аздараўленчым комплексе, у новым парку Трох Герояў, на стадыёне. Цікавымі былі паказальныя выступленні ваенных, парашутыстаў, выратавальнікаў. А потым пачалося святочнае шэсце па цэнт­ральнай вуліцы Сянно віноўнікаў урачыстасці. Узначалілі калону ганаровыя госці, за імі крочыла калона лепшых хлебаробаў Прыдзвінскага краю. Сёлета ўпершыню пераможцы жніва былі апрануты ў аднолькавыя касцюмы сіняга колеру, яны вылучаліся і чырвонымі стужкамі з залатымі літарамі. Да гонару Полацкага раёна, у калоне перадавікоў ішлі кіраўнік філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Калтуноў, дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завадскі разам з працаўнікамі сваёй гаспадаркі — галоўным аграномам Людмілай Лісіцынай, механізатарамі Аляксандрам Каросцікам і Сяргеем Ганчаронкам.

Годна выглядала дэлегацыя Полацкага раёна на чале са старшынёй Полацкага райвыканкама Мікалаем Шаўчуком. Увагу прыцягвалі касцюміраваныя персанажы Францыск Скарына і полацкі князь, якія раздавалі сенненцам запрашэнні на Дзень беларускага пісьменства. Наша калона была блакітнага колеру: члены дэлегацыі неслі сцягі г.Полацка і нашых сельгаспрадпрыемстваў.

У імправізаванай глядацкай зале адбылося ўшанаванне перадавікоў жніва-2016. Хлебны каравай з мукі новага ўраджаю прымаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.
Выступленне губернатара, як заўсёды, было грунтоўным. Спачатку ён сказаў пра неспрыяльныя ўмовы надвор’я, якія перашка­джалі аграрыям пасеяць, а потым вырасціць і ўбраць збожжавыя і зернебабовыя. Некаторыя раёны Віцебшчыны пацярпелі з-за дажджоў настолькі, што не дабралі і паловы ўраджаю мінулага года. Але, самае галоўнае, што план дзяржзаказу па збожжавых выкананы поўнасцю. «Галоўны вынік нялёгкай працы ўсіх працаўнікоў вёскі — гарантаваная харчовая бяспека краіны, аснова для ўстойлівага развіцця аграрнага сектара эканомікі, павышэння дабрабыту людзей. Стан спраў у сельскай гаспадарцы ў рэгіёне, яго паспяховасць залежаць ад вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі», — канстатаваў Мікалай Шарстнёў.

На святочную сцэну ў ліку першых пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур падымаліся палачане. Спачатку дырэктар філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Калтуноў, за ім — дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завадскі, галоўны аграном ААТ «Кушлікі» Людміла Лісіцына, экіпаж камбайнераў ААТ «Кушлікі» ў складзе Аляк­сандра Каросціка і Сяргея Ганчаронка. Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь атрымала на свяце Наталля Крывец, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама. Сертыфікат на набыццё трактара ўручылі пераможцы рэспублікан­скага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» — сельгаспрадпрыемству «П-С Карпекі» (дырэктар Аляксандр Кавалёў). У кагорце сельгас­прадпрыемстваў, якім за дасягнутыя поспехі ў працы ўручаліся аўтамабілі «Ніва», быў філіял «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат». Мы апладзіравалі яго дырэктару Віталю Кузякову, калі той атрымліваў адпаведны серты­фікат.

Мікалай Шарстнёў адзначыў важнасць «Дажынак»: «Пасля гэтага свята жыхарам застаецца адноўлены горад, добраўпарадкаваны, прыгожы, у якім цікава жыць, працаваць, ствараць сем’і, расціць дзяцей. Мы будзем правадзіць іх і далей. У наступным годзе ста­ліцай «Дажынак» стане Дуброўна, далей — Верх­нядзвінск, потым Браслаў».

Шчыра віншаваў беларусаў са святам прадстаўнік расійскай дэлегацыі — дэпутат Дзярждумы Расіі Мікалай Валуеў. Былы баксёр, чэмпіён Свету параўнаў цяжкую працу хлебароба са спартыўнымі трэніроўкамі. «Поспех прыходзіць тады, калі ты нястомна працуеш!» — адзначыў госць і зычыў усім працаўнікам хлебнай нівы моцнага здароўя.

Удзельнікі «Дажынак» паглядзелі відэа­сюжэт пра спартыўнае жыццё жыхароў Віцеб­шчыны, пра дасягненні землякоў у Рыа-дэ-Жанейра на Алімпіядзе-2016 і Паралімпіядзе-2016. Упершыню батутыст Уладзіслаў Ганчароў і фехтавальшчык Андрэй Праневіч заваявалі на гэтых спартыўных форумах залатыя медалі. Нашага славутага палачаніна і яго трэнера Сямёна Сушчына запрасілі на сцэну «Дажынак». Чэмпіён выказаў падзяку ўсім, хто яго падтрымліваў. Сямён Сушчын падкрэсліў, што галоўны вынік выступлення яго пада­печнага ў тым, што ў далёкай Бразіліі гучаў Гімн Рэспублікі Беларусь і быў узняты сцяг нашай краіны. Герой Паралімпіяды-2016 падарыў губернатару вобласці шпагу, якая прынесла яму залатую перамогу. Другім падарункам для губернатара стала статуэтка Іісуса Хрыста, якая сімвалізуе Бразілію. Мікалай Шарстнёў уручыў нашым землякам — Андрэю Праневічу і Сямёну Сушчыну — Падзячныя лісты старшыні Віцебскага аблвыканкама і грашовыя прэміі.


Мікалай Валуеў быў вельмі задаволены, што пазнаёміўся з залатым прызёрам Паралімпіяды-2016. На свяце «Дажынак» у Сянно яму многае спадабалася, вопыт святкавання народных святаў ён намераны ўкараняць у Бранскай вобласці, у складзе дэлегацыі якой ён прыехаў. На пытанне, ці спадабаліся госцю беларускія дранікі, ён далікатна адказаў: «Усе пачастункі былі добрыя, але самы лепшы — жытні хлеб»!

%d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-318 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-324 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-331 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-333 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-345 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-349 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-352 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-361 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-380 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-417 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-423 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-464 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-481 %d0%b4%d0%be%d0%b6%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b8-%d1%81%d0%b5%d0%bd%d0%bd%d0%be-483

Полацк-Сянно-Полацк



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *