На Полаччыне пачалася веснавая сяўба

Главное Заботы сельские

Вось і дачакаліся! Пачалася веснавая сяўба-2017. У поле выйшлі трактары, каб сеяць хлеб, які ўсяму — галава. За некалькі дзён хлебаробы Полаччыны ўжо засеялі яравымі культурамі плошчу 2160 гектараў, што адпавядае 14% да плана.

Традыцыйнае раённае свята «Засеўкі» адбылося ў аўторак у ААТ «Кушлікі». На ўрачыстасці панаваў узнёслы настрой. Таму, што родную зямлю ёсць чым і каму апрацоўваць, што сялянскаму роду няма пераводу.


Ва ўрочышча Плігаўкі з’ехалі­ся ганаровыя госці: старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, іх намеснікі, начальнікі аддзелаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна і дырэктары перапрацоўчых прадпрыемстваў Полацка. Прыехаў і пастаянны госць галоўных сялянскіх святаў — айцец Уладзімір (Рацьковіч), настаяцель царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы з г.Полацка.


У Кушлікі завіталі і артысты Полацкага раённага Цэнтра культуры, і народны фальклорны гурт «Галасы Спадчыны» Багатырскага СДК.Першым узяў слова старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук. Ён адзначыў важнасць пасяўной кампаніі, падзякаваў шэфам з Наваполацка за падтрымку ААТ «Кушлікі» і падкрэсліў, што з серады ў Полацкім раёне пачынаецца масавая сяўба яравых культур. Для правядзення гэтай адказнай працы падрыхтавана глеба, унесены ўгнаенні, адрамантавана тэхніка, назапашаны насенне і паліва. «Усе ўдзельнікі пасяўной — людзі вопытныя, пачынаем працу з селектарнай нарады ў 6 гадзін раніцы, вырашаем пытанні разам. Віншую ўсіх з пачаткам сапраўднай хлебаробскай працы!» — звярнуўся да прысутных старшыня полацкай улады.Дзмітрый Дзямідаў, старшыня Наваполацкага гарвыканкама, ацаніў падрыхтоўку аграрыяў Полаччыны да пасяўной 2017 года як вельмі сур’ёзную. Ён выказаў усхваленне людзям, адданым сваёй зямлі, якія выбралі долю селяніна як сэнс свайго жыцця. «За мінулы год мы асабліва адчулі, наколькі цяжкая праца селяніна.

Па рашэнні губернатара Віцебскай вобласці нам перададзены акцыі ААТ «Кушлікі» і «Мацюшы». Мы, гараджане, будзем падтрымліваць працаўнікоў вёскі», — запэўніў Дзмітрый Уладзіміравіч.Айцец Уладзімір звярнуўся да прысутных з кароткай пропаведзю, нагадаў пра хуткі надыход свята святаў — Вялікадня, і дзейсніў малебен. А потым акрапіў святой вадой удзельнікаў пасяўной і тэхніку, якой на полі было больш за 30 адзінак. Свята прадоўжылася ўзгадваннем старадаўніх традыцый хлебаробаў.Дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завацкі паведаміў, што механізатары гаспадаркі ўжо пасеялі авёс на плошчы 150 гектараў, прыступілі да зернебабовых культур. Яравыя культуры яны пасе­юць на плошчы 800 гектараў. Зараз у сялан хапае клопатаў: падсяваюць мнагалетнія травы, як толькі дазволіць надвор’е — пачнуць сяўбу цеплалюбівых культур. Кушлікоўцы рыхтуюць глебу пад пасадку бульбы, якая зойме больш за 200 гектараў. Сёлета запланавана аддаць плошчы пад цыбулю, буракі, моркву, капусту. «Мы — сяляне, жывем з фермы і поля, таму калектыў працуе з поўнай аддачай», — адзначыў Фёдар Завацкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *