Чым жа прываблівае сельская гаспадарка жыхароў вёсак і аграгарадкоў?

Заботы сельские

Кожная новая сустрэча з працаўнікамі ферм прыносіць станоўчыя эмоцыі. Задавальняе, што сяляне ў большасці сваёй ідуць па жыцці з гумарам, ставяцца да працы адказна і ніколі не выказваюць аніякіх скаргаў. Хаця праца ў іх  —не кожны пацягне. Узяць хаця б адзін толькі рэжым: трэба ўставаць на досвітку, каля 4-х га­дзін раніцы, калі ў нас, гараджан, самы салодкі сон. І вячэрняя дойка заканчваецца позна вечарам. «Калі вы жывяце?»  —заўсёды пытаюся ў працавітых жанчын. А тыя звычайна ўсміхаюцца ў адказ:
«І сваю гаспадарку яшчэ даглядаем, і дзяцей у школу збіраем…»

Чым жа прываблівае сельская гаспадарка жыхароў вёсак і аграгарадкоў? Большасць з іх дзе нарадзіліся  —там і спатрэбіліся, з гонарам працуюць на роднай зямлі, прыносячы карысць полацкаму краю. Некаторыя пайшлі па слядах сваіх бацькоў. Ёсць і тыя, хто пераехаў у Полацкі раён на пастаяннае месца жыхарства з іншых раёнаў. Шукалі лепшай долі і знайшлі.
«Белае золата»  —так называюць галоўны стратэгічны прадукт, над павелічэннем колькасці і якасці якога штодзень працуюць калектывы сельскіх гаспадарак Полацкага раёна. Дзеля дасягнення высокіх надояў кожны тыдзень у Полацкім раёне прахо­дзяць Дні жывёлавода, паляпшаюцца ўмовы ўтрымання жывёлы, шмат увагі надаецца якасці кармоў, захаванню тэхналогій кармлення, арганізаваны абласное і раённае спаборніцтвы сярод аператараў машын­нага даення і малочнатаварных ферм.

Дружненька, разам
Ферма Домнікі філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў»  самая далёкая ад Полацка. Але жывёлаводы з глыбінкі працуюць дружна, аддана і займаюць прызавыя месцы па вытворчасці малака ў абласным спаборніцтве.


Загадчыца фермы Святлана Хромава ганарылася сваім калектывам, калі даведалася, што «Домнікі»  —першыя ў вобласці па выніках працы за першы месяц года. Сакрэт гэтага поспеху, на яе думку, у адносінах да працы кожнага з работнікаў. У іх на ферме  —23 чалавекі, кожны на сваім месцы клапоціцца пра агульны вынік. Жывёлаводы імкнуцца быць першымі, лепшымі, каб праславіць свой філіял. Падчас нашага прыезду на ферму загадчыца адзначала, што для людзей на ферме вельмі важна, як ставіцца да іх працы начальства. Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Калтуноў у іх у аўтарытэце, і ніхто не хоча яго падвесці.
Дойны статак на ферме  —200 кароў, даяркі Ала Губіева, Настасся Жак, Таццяна Лапаціна, Антаніна Міхайлава і Лідзія Броніна штодзень завіхаюцца ля сваіх бурых, каб атрымаць больш малака. Ім у дапамогу  —астатнія працаўнікі фермы. Загадчыца нават не змагла выдзеліць лідараў у працы, маўляў, усе працуюць добра. Рэалізацыя малака гатункам «экстра» тут 100%, сярэдні ўдой на карову за месяц склаў 640 кілаграмаў малака. Сярэдні ўдой на карову за дзень  —19 кілаграмаў, ёсць малочныя лідары, якія за дзень даюць і 36 кілаграмаў малака.
Святлана Хромава сама вельмі любіць сваю працу, свой калектыў. На тэрыторыі і ў кароўніках  —чысціня і парадак, летам двор упрыгожваюць шматлікія кветкі. Усю гэтую прыгажосць стварае загадчыца фермы. Для сябе і калег.

Першыя ў працы
Пра вытворчасць малака мы гаварылі і ў калектыве жывёлаводаў ААТ «Кушлікі». У гэтай гаспадарцы працуюць 4 звяны па атрыманні каштоўнага прадукту: два  —на малочнатаварнай ферме Кушлікі, па адным  —на фермах Галякова і Мікуліна. У сярэдзіне сакавіка гаспадарка дасягнула 103% па вытворчасці малака да адпаведнага перыяду мінулага года. Аналіз надояў малака ў «Кушліках» вядзецца кожны тыдзень. Мы звярнулі ўвагу на корм, які прапануюць гаспадыні сваім кароўкам. Замест камбікорму  —кормасумесь уласнага прыгатавання з аўса, гароху, пшаніцы, а яшчэ з морквай і буракамі. Агародніну каровы ўжываюць з апетытам.
Два прозвішчы  —Кулеш і Мароз  —назвалі самі даяркі, калі мы задалі пытанне пра перадавікоў у працы.
Валянціна Кулеш  —прафесіянал з вялікай літары. У другім звяне МТФ Кушлікі яна першая ў працы, а дома  —галава вялікай сям’і. У адным доме з ёй жывуць 8 чалавек  —дочкі, сын, унукі. У Кушлікі яны прыехалі чатыры гады таму, гаспадарка прадаставіла сям’і працу і дом. У ААТ «Кушлікі» працуе трактарыстам сын Дзяніс, зяць Андрэй Гурчонак  —таксама трактарыст, хлопец тутэйшы, вылучаецца асаблівым працалюбствам. «Я ўжо адчуваю сябе мясцовай жыхаркай, тут людзі добрыя, прынялі нас, як сваіх»,  —расказала працаўніца. У выніковай працы даяркі, на яе думку, вялікую ролю мае любоў да жывёлы. Каровы  —жывыя істоты, адчуваюць ласку. Сама Валянціна не ўяўляе жыцця без сваіх Бусінкі, Расінкі, Павуцінкі  —такія ласкавыя мянушкі ў каровак з яе групы. За даяркай замацаваны 48 рагуль, кожная  —са сваім норавам, але іх гаспадыня знайшла падыход да кожнай і выйшла ў лідары з сярэднім ўдоем малака на карову 720-740 кілаграмаў.


Любоў Мароз  —перадавік у першым звяне МТФ «Кушлікі». Аператарамі машыннага даення яны працуюць разам з мужам Юрыем. 11 год таму яны пераехалі ў Кушлікі, уладкаваліся ў сельскую гаспадарку і не збіраюцца мяняць сваё жыццё. За Любоўю Уладзіміраўнай таксама, як і за калегай Валянцінай Кулеш, замацаваны 48 каровак. Ластачка, Лялька, Мілка і іншыя не падводзяць сваю гаспадыню, шчодра адорваюць яе малачком. Вынік яе працы  —сярэдні ўдой за месяц  760-780 кілаграмаў малака ад каровы.
Загадчыца фермы Кушлікі Антаніна Мягкіх адзначыла, што ўсе працаўнікі фермы  — адказныя, добрасумленныя. Душой хварэ­юць за справу, таму і вынік ёсць.

Калектыў фермы Кауны УП «ПС-Карпекі»  —добра знаёмы карэспандэнтам рэдакцыі і старшыні Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандру Дабраслаўскаму. Сюды мы прыязджаем часта і з добрай нагоды: узнагароджваем жывёлаводаў за працоўныя поспехі. Сёлета ў лютым гэтая ферма вылучылася тым, што па выніках і абласнога, і раённага спаборніцтваў яе працаўнікі выйшлі ў лідары па вытворчасці малака. Дыпломы і грашовыя заахвочванні прымалі Галіна Шчэрбік, якая дасягнула сярэдняга ўдою на карову 725 кілаграмаў малака за месяц, і маладая даярка Святлана Віткоўская, якая ад замацаванага статка з 32 рагуль надаіла за месяц больш за 26 тон малака. Лепшы вынік у працы Святлана Віткоўская прадэманст­равала і ў студзені.


У чым сакрэт іх працоўнага поспеху? Загадчыца фермы Таццяна Дуброўская адзначыла, што «бітва» за малако ідзе на ферме штодзень. Пасля працы і днём аналізуюцца ўдоі на карову, вызначаюцца недахопы і шляхі вырашэння праблем. Даяркі Галіна Шчэрбік, Святлана Віткоўская, Галіна Пронька, Святлана Вярховіч, Людміла Марозава і Ірына Грыгарэнка клічуць на дапамогу вопыт і старанне, а каровы заўсёды гатовыя аддзячыць сваім гаспадыням добрымі надоямі за ласкавае стаўленне, любоў, своечасовыя дойкі і якаснае кармленне.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *