Полацк адзначае Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай
05.06.2018   //   Автор:   //   Духовность   //   Нет комментариев   //   221 Views

Сёння, пятага чэрвеня, Полацк разам з усёй Беларуссю адзначае дзень, асаблівы ў жыцці кожнага праваслаўнага хрысціяніна — Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай, слыннай палачанкі, асветніцы, заступніцы і суцяшальніцы.

Больш чым дзевяць стагоддзяў аддзяляюць нас ад тых дзён, калі Прападобная будавала ў Сяльцы манастыр, і ад тых начэй, якія яна праводзіла ў працы малітоўнай, але час бяссільны, калі вечнасць гаворыць з намі на мове святасці і сапраўднай духоўнасці. І праз стагоддзі наша святая зноў аб’ядноўвае ўсіх нас на дарозе духоўнасці, па якой мы разам ідзем Хрэсным ходам, несучы ў сэрцах нязгасны светлы агонь веры.
Яшчэ пры жыцці святая Еўфрасіння асвятляла верай сэрцы людзей: перапісвала свяшчэнныя кнігі, а грошы, якія атрымлівала ад іх продажу, раздавала бедным, адкрыла два манастыры — мужчынскі і жаночы, пабудавала храмы ў гонар Усялітасцівага Спаса і Прасвятой Багародзіцы. Па благаславенні полацкай князёўны Лазарам Богшам быў выраблены Крыж-каўчэг, у якім знаходзіліся вялікія хрысціянскія святыні, прывезеныя з Іерусаліма і Канстанцінопаля. З грэчаскага горада Эфеса на Полацкую зямлю была дастаўлена Эфеская ікона Прасвятой Багародзіцы.
Прападобная Еўфрасіння пакінула нам у спадчыну храмы, святыні, узор самаахвярнасці і міласэрнасці, светлую надзею і непахісную веру. Такой яе запомніла гісторыя, такой ведаюць яе ў сучасным свеце.
Сваёй нябачнай рукой, сваімі малітвамі яна дапамагае Полацкай зямлі, сваёй абіцелі, яе насельніцам. Вядзе іх па складаным і, разам з тым, радасным манаскім шляху.
Сёння, як і дзевяць стагоддзяў таму, наша нябесная заступніца з намі, яна аберагае сваю зямную Айчыну, свой родны горад, сваю святую абіцель, а ў нябёсах — славіць Госпада і моліцца за нас.
У кожнага свая дарога да Храма. Але сёння яна адна на ўсіх — дарога прападобнай Еўфрасінні. Мы, палачане, як найвялікшую каштоўнасць, захоўваем у душах дабратворныя іскры святога агню, запаленага вялікай зямлячкай. Ён аб’ядноўвае нас у стваральнай працы, ён натхняе на добрыя справы, ён надае ўпэўненасці і дорыць надзею.

Са святам, палачане!

Елена Каленик
Автор:

Заместитель главного редактора. Деятельность сфер культуры, медицины, торговли, образования всегда стремится держать в поле зрения. Ведущая страничек «Ваше здоровье» и «Полочаночки». Всегда даст компетентный ответ и дельный совет по телефону 8(0214)42-86-28.

Оставить комментарий