У Полацкім раёне фельчар у перыяд адпачынку вырашыў папрацаваць памочнікам камбайнера

Дажынкі-2018 Жніво-2018 Заботы сельские

Дзяніса Валер’евіча Шнітко ведаюць у Кушліках як медыцынскага работніка. Ужо 12 год ён працуе фельчарам на Кушлікоўскім ФАПе, вядзе прыём хворых, робіць прышчэпкі, выязджае на выклікі, лечыць кушлікоўцаў рознага ўзросту.

Сяльчан добра ведае, ставіцца да іх з павагай… Прафесію медыцынскага работніка любіць усім сэрцам. «Працую ўжо 16 год у медыцыне, чым далей — тым цікавей. Набываю вопыт, адчувае сябе больш упэўнена», — расказаў герой замалёўкі.

Сёлета ў перыяд адпачынку на асноўным месцы працы ён вырашыў папрацаваць у мясцовай гаспадарцы памочнікам камбайнера. Кіраваўся прынцыпам «лепшы адпачынак — гэта змена дзейнасці». З лёгкасцю змяніў белы халат на спецаддзенне працаўніка гаспадаркі.

— Вырашыў даведацца пра цану хлеба, — ахарактарызаваў своё дастаткова смелае рашэнне Дзяніс Шнітко. — Я вельмі люблю тэхніку і ўмею з ёй абыхо­дзіцца. Маю пэўны вопыт у рамонце аўтамабіляў. Можна сказаць, што гэта — маё хобі. Таму быў упэўнены, што спраўлюся і з камбайнам. Прайшоў усе неабходныя інструктажы, пазнаёміўся з тэхнікай бяспекі ў час жніва і накіраваўся на новае месца працы.

Большасць людзей у час адпачынку імкнуцца паехаць на мора, а Дзяніс Валер’евіч асацыіраваў з ім хлебнае поле. Разам з вопытным старшым камбайнерам Аляксандрам Каросцікам яны, працуючы, нібы плылі па ім. Уражанняў ад такой вандроўкі яму хопіць надоўга.

— У першыя дні было крыху цяжкавата з-за таго, што не ведаў нюансы, кантрольныя кропкі. Але потым прывык, зразумеў цану кожнай працоўнай хвіліны. Пасябраваў з нашай «Мегай-204». Спачатку мы былі з ёй на «вы», цяпер, бліжэй да канца ўборкі, сталі на «ты», — за­даволена расказваў памочнік камбайнера.

Яму пашанцавала са старэйшым таварышам на жніве: Аляксандр Каросцік — прафесіянал сваёй справы, неаднаразовы тысячнік на ўборцы хлеба. Ён нахвальваў свайго новага памочніка: «Канешне, на дзясятку, як малады «баец», ён пакуль не цягне, а вось моцную дзявятку зарабіў! Стараўся, імкнуўся заўсёды быць карысным, у нас з ім атрымаўся дружны экіпаж».

На пытанне, ці захоча памочнік камбайнера папрацаваць на жніве зноў, Дзяніс Валер’евіч адказаў станоўча. Ён ганарыцца, што першы вопыт быў паспяховым, і што ў час адпачынку зарабіў грошай для сям’і. Яны з жонкай Святланай, якая працуе ў гаспадарцы юрыстам, выхоўваюць дзвюх дачок. Старэйшая Ксюша пойдзе ў другі клас, яе трэба збіраць у школу. І маленькая Віка будзе радавацца падарунку з другога бацькавага заробку.
Дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завацкі расказаў, што ў іх гаспадарцы на жніве раней працавалі пажарныя, працаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, а вось медыцынскі работнік — упершыню. І кушлікоўскі фельчар Дзяніс Шнітко справіўся!

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *