У сталовай «Чабор» прайшоў тэматычны дзень «Восень у Полацку»

Важное

Работнікі сталовай «Чабор» ААТ «Полацк-гандаль» працягваюць добрую традыцыю арганізацыі незвычайных, тэматычных дзён. І на мінулым тыдні калектыў гэтага аб’екта грамадскага харчавання запрасіў наведвальнікаў далучыцца да беларускай кухні.

«Восень у Полацку» — пад такой назвай у сталовай прайшоў гэты дзень. Адпавядалі ёй і аздабленне залы, у якой луналі рознакаляровыя стужачкі і кляновае лісце, і букецікі хрызантэм на сталах, засланых сурвэткамі з беларускім арнаментам, і строі работнікаў з нацыянальным каларытам, і музыка…

 

Але галоўнае, чым здзіўлялі і радавалі палачан і гасцей горада ў «Чаборы», — гэта, канечне, кулінарныя прапановы — беларускія стравы, якія гатавалі і нашы прод­кі. Напрыклад, у той дзень можна было паспрабаваць «на першае» поліўку «Смачную», малочны суп па-магілёўскі, боршч хатні з пампушкамі і нават квас «Стараславянскі», які таксама падавалі ў якасці першага блюда. На закуску былі бужаніна з марынаванымі агуркамі, яйкі, фаршыраваныя грыбамі і сырам, руляда з птушкі і багата розных салатаў. Вырашыць, што з’есці з гарачых страў, было і ўвогуле складана — такі багаты выбар!

Хтосьці аддаваў перавагу смажаным сялянскім каўбаскам і пярловай кашы з салам і цыбуляй, хтосьці — бабцы са свінінай або клёцкам. Арыгінальны смак меў бульбяны хвораст, а тварожныя калабкі з разынкамі літаральна таялі ў роце. А ці елі вы калі беларускі аўсяны кісель? У той дзень і ён быў у меню!
Гэта ж якім майстрам трэба быць, каб умець смачна прыгатаваць і традыцыйныя, папулярныя стравы, і адмысловыя, пра якія многія толькі па кніжках ды кіно чулі! Выдатныя повары, што працуюць у «Чаборы», не лянуюцца вучыцца ўвесь час. Сярод іх — Таццяна Аверчанка, Ірына Осіпава, Наталля Лягаева, Вераніка Валадзёнак. І яны прыклалі шмат намаганняў, каб «Восень у Полацку» па-беларуску атрымалася смачнай, сытай, дадала гасцям прыемных уражанняў і сонейка ў кастрычніцкі халодны дзень. А як адзначаюць па­стаянныя наведвальнікі, у «Чаборы» кожны дзень гатуюць якасна, з душой.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *