У палачан ёсць магчымасць пазнаёміцца са светам дзіцячай творчасці і прыгажосці

Молодежь

У Полацкай дзіцячай мастацкай школе год традыцыйна пачаўся з вялікай выніковай выставы, у якой прадстаўлена больш за 140 кампазіцый, створаных падчас першага навучальнага паўгоддзя. У ёй прынялі ўдзел усе вучні школы — з першага па пяты клас.

Выстава мае назву «Краіна» і прысвечана яна Году малой радзімы. Краіна — паняцце шматзначнае. Гэта і месца, дзе мы жывем, і традыцыі, і культура, і мова, і прырода, і побыт, і светапогляд… Усё знайшло адлюстраванне ў дзіцячай творчасці. Пейзажы, нацюрморты, фрагменты ткацтва, стылізаваныя жывёлы, фальк­лорныя матывы… Частка кампазіцый прысвечана гісторыі Полацка і Беларусі. Пры знаёмстве з экспазіцыяй уражвае разнастайнасць стыляў і падыходаў, яскравая палітра колераў і творчае асэнсаванне навакольнай прасторы.


Асаблівасцю выставы з’яўляецца тое, што многія работы выкананы на вялікім фармаце паперы. Спецыялісты лічаць, што гэта важкі ўнёсак у развіццё прафесійнай пісьменнасці будучых мастакоў.

Калі жадаеце пераканацца ў тым, якія таленавітыя дзеці займаюцца ў мастацкай школе, і атрымаць асалоду ад далучэння да свету прыгажосці і творчасці, завітайце на выставу. Яна працуе для вас.