На Полаччыне пачаўся перавод жывёлы на зімне-стойлавае ўтрыманне

Заботы сельские

Заўсёды прыемна бываць на малочна-таварнай ферме Новыя Гараны №1 ААТ «Новыя Гараны». Тут чыстая тэрыторыя, у кароўніках парадак. Жывёлаводы штодзень завіхаюцца ля сваіх рагуль, даглядаюць цялятак, разумеючы, што вытворчасць мяса і малака — іх галоўная задача.

У летні перыяд на ферме было ціха, статкі пасвіліся ў полі. Але днямі становішча змянілася: усе каровы гаспадаркі пераведзены на зімне-стойлавае ўтрыманне.


— Пашавы перыяд скончыўся, 4 статкі ўжо пад дахам, і зараз наша задача —  захаваць прадукцыйнасць жывёлы, — расказаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Міхаіл Кудранок. — Мы перавялі кароў на іншы рацыён харчавання: ім давядзецца перайсці з травы на сянаж — патрэбны час, каб прывыклі. Зараз кожная кароўка атрымлівае па кілаграму канцэнтратаў і яшчэ па 300 грамаў на надоены літр малака, па кілаграму рапсавага шроту. Усё гэта робіцца з мэтай захаваць вытворчасць малака, якая зараз па нашай гаспадарцы складае 106% у параўнанні з мінулым годам.

Міхаіл Пятровіч адзначыў, што за 9 месяцаў бягучага года павялічыўся продаж малака дзяржаве, які складае 106% да ўзроўню мінулага года, таварнасць каштоўнага прадукту — 92,6%, рэалізацыя мяса па гаспадарцы — 107%.

Галоўны заатэхнік упэўнены, што вынікі працы на ферме ў вялікай ступені залежаць ад стаўлення людзей да сваёй працы і ад арганізацыі вытворчага працэсу.


На працоўным месцы мы напаткалі аператараў машыннага даення кароў Аксану Валеўка і Іну Кавалёву. Гэтыя жанчыны — родныя сёст­ры-блізняты. Яны ўжо шмат разоў станавіліся героямі газетных публікацый за ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў.

Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама, усе гаспадаркі Полацкага раёна пачалі пераводзіць дойныя статкі з палёў на фермы. Перад імі пастаўлена задача як мага хутчэй завяршыць гэтую працу.

Па выніках 9 месяцаў у гаспадарцы вызначыліся перадавікі па вытворчасці малака. Больш за ўсіх «белага золата» надаіла Наталля Радзько — 6121 кілаграм малака (+48 кг на карову ў параўнанні з мінулым годам). На другім месцы — Аксана Валеўка з лічбай 5994 кілаграмы малака (+68 кг на карову). Гэтыя жанчыны працуюць на ферме «Новыя Гараны» №1. А трэцяе месца ў Ірыны Карабковай з фермы Шацілава.

Наконт таго, што кароў перавялі ў памяшканне, яны выказалі задаволенасць: умовы іх працы палепшыліся ў параўнанні з тымі, што былі ў полі. А каровы, на думку прафесіяналаў, хутка прывыкаюць да новай абстаноўкі.