У Полацку павіншавалі камбайнераў-тысячнікаў

Актуальное Заботы сельские

У гэтыя дні «хвіліны славы» для перадавікоў жніва-2020 праходзяць у розных гаспадарках Полацкага раёна. Камбайнеры-тысячнікі і вадзіцелі, удзельнікі раённага спаборніцтва прымаюць заслужаныя ўзнагароды ад кіраўніцтва Полацкага інтэграцыйнага аб’яднання ААТ «Полацкі малочны камбінат», Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў.

Сярод тых, хто сёлета ўбірае ўраджай, нямала моладзі. «Няхай вучацца, набываюць вопыт, зарабляюць», — выказаў пазіцыю дырэктар філіяла «Гараны-Агра» Аляксандр Калтуноў. «Моладзь — гэта мае байцы, гледзячы на старэйшых таварышаў таксама дабіваюцца поспехаў!» — адзначыў дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завацкі.

Чырвоныя майкі і кепкі з лагатыпам прафсаюза работнікаў АПК апранулі ўдзельнікі жніва з філіяла «Гараны-Агра» Аляксей Мінаў, Уладзіслаў Маліноўскі, Пётр Карклінь і Максім Зянькоў. Маладыя мужчыны радаваліся сваёй працоўнай перамозе — тысячным намалотам. У іх гаспадарцы вялікі зерневы клін — 1385 гектараў. Аддача хлебнай нівы — самая высокая ў Полацкім раёне. Адчуваючы сябе часткай вялікай працоўнай сям’і, камбайнеры імкнуліся да дасягнення поспехаў на жніве.


Пераможцаў віншавалі хлебным караваем. Гэты падарунак самы каштоўны для хлебароба. Шчырыя словы падзякі выказалі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Полацкі малочны камбінат» Таццяна Акімава, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі і дырэктар філіяла «Гараны-Агра» Аляксандр Калтуноў.

«Усе хлопцы — працавітыя, старанныя,  — адзначаў Аляксандр Калтуноў. — Самы вопытны з іх прафесіянал Пётр Карклінь. На такіх, як ён, трымаецца не толькі сельская гаспадарка, але і ўвогуле — беларуская вёска. Ён адказны, самастойны, добры сем’янін».