У Беларусі адбылося рэспубліканскае свята — XXVII Дзень беларускага пісьменства

Главное Духовность

У мінулыя выхадныя ў Беларусі адбылося рэспубліканскае свята — XXVII Дзень беларускага пісьменства. Яго сталіцай у гэты раз стаў горад Бялынічы Магілёўскай вобласці.

Старажытны Полацк, які ў розныя гады тройчы ўдастойваўся гонару прымаць свята, дэлегаваў на ўрачыстыя мерапрыемствы прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі: удзельнікаў народных літаратурных аб’яднанняў «Наддзвінне», «Літаратурны каўчэг» і «Полоцкая ветвь», работнікаў раённай бібліятэчнай сістэмы і ўстаноў адукацыі.

Палачане прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці свята, скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Бялыніцкай іконе Божай Маці і Мастацкага музея імя сусветна вядомага мастака В.К.Бялыніцкага-Бірулі. Запамінальным момантам стала пасадка клёна на алеі гарадоў-сталіц Дня пісьменства. Дрэўца з шыльдачкай, на якой пазначаны гады, калі свята прымаў Полацк, заняло на ёй пачэснае месца.

Да вялікай святочнай праграмы, падчас якой адбыліся гашэнне канверта з маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах», фестываль кнігі і прэсы, шматлікія канцэртныя выступленні, далучыліся і полацкія паэты. Аляксандр Раткевіч, Галіна Загурская, Пётр Буганаў і Ірына Багданава выступілі на тэматычнай пляцоўцы Віцебскай вобласці, прачытаўшы свае літаратурныя творы. Да таго ж, народнае аб’яднанне «Літаратурны каўчэг» зладзіла выставу-прэзентацыю кніг сяброў творчай суполкі.
Эстафету свята ад Бялынічаў прыняў горад Капыль, які ў наступным годзе набудзе статус сталіцы чарговага, ужо XXVIIІ Дня беларускага пісьменства.

Фота з архіва РЦБС.