У аграгарадку Палата Полацкага раёна ўшанавалі шыпшыну

Культура

1 кастрычніка, на дзень Арыны-шыпшынніцы, у аграгарадку Палата ўпершыню правялі фальклорна–этнаграфічнае свята ”Ушанаванне шыпшыны”.

Спачатку дарослыя і дзеці, удзельнікі фальклорнага калектыву Палатоўскага СДК, сабралі ягады ў свае кошыкі. Дзятва паспаборнічала, хто хутчэй перанясе плады з кошыка ў кошык. Удзельнікі адгадвалі загадкі, прысвечаныя шыпшынніку. Потым сталі ў карагод, каб ушанаваць гэту карысную расліну. А каб яна зноў адарыла яшчэ лепшымі кветкамі і пладамі, заплялі ёй косы стужачкамі. Завяршыўся народны абрад гарбатай з шыпшыны. У падарунак кожны атрымаў абярэг — пацеркі, зробленыя з ягад шыпшыны. А па народным павер’і, хто ў Арынін дзень носіць іх, той заўжды будзе маладым, здаровым і прыгожым. Пашанцавала палатоўцам!

Фото из архива Полотовского СДК.