У Полацкім ЦРНК адраджаюць культурную спадчыну

Культура Люди

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, прайшоўшым у Мінску, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены керамічнай свістульцы, якая стагоддзі таму была шырока распаўсюджана ў Полацку. Яе выраб аднавілі ў Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур.

На сёння ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 17 элементаў народнай культуры Віцебшчыны, у іх ліку свістулька з гліны, якая выраблялася ў Полацку стагоддзі таму.

Ідэя адрадзіць гліняную свістульку нарадзілася пасля таго, як пры археалагічных даследаваннях у цэнтральнай частцы горада, Запалоцці і Задзвінні, на тэрыторыі былога езуіцкага калегіума былі знойдзены старадаўнія цацкі. З супрацоўнікамі Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур звесткамі пра знойдзеныя ганчарныя вырабы падзяліўся вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-­запаведніка А.А.Салаўёў. Актыўна супрацоўнічае з майстрамі Цэнтра і А.Л.Коц, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які пачаў збіраць інфармацыю пра полацкую свістульку пасля таго, як, працуючы на сваім падворку, знайшоў часткі старажытнай цацкі, а пазней сабраў іх невялікую калекцыю.

За карпатлівую справу па адраджэнні традыцыйнага керамічнага вырабу ўзялася Кацярына Зяленская, майстар па кераміцы Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу майстроў па кераміцы і ганчарстве «Гліна спявае» ў межах міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Каб зразумець, як уладкавана свістулька і як яна выраблялася ганчарамі, майстар Кацярына Зяленская і намеснік дырэктара Цэнтра рамёстваў Святлана Балтрушэвіч дэталёва вывучылі пісьмовае апісанне і археалагічную калекцыю керамічных свістулек, якая знаходзіцца ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Спачатку майстар паўтарыла старажытны ўзор, улічваючы ўсе нюансы, а потым пачала эксперыментаваць з упрыгож­ваннем. Паспрабавала зра­біць коніка, коніка з вершнікам, баранчыка, птушачку, качку, а таксама камедыянта, які, як выказаў здагадку майстар, мог сядзець задам наперад на коніку. Зрабіла майстар і свістульку «Салавейка», выкруціўшы асноўную форму на ганчарным крузе, а потым зляпіла ўсе дэталі па вобразе знойдзенай свістулькі.

На базе Полацкага раённага Центра рамёстваў і нацыянальных культур працуе майстэрня па кераміцы. На майстар-класах, якія праводзяцца для ўсіх жадаючых, адбываецца знаёмства з гісторыяй ганчарства, у тым ліку глінянай цацкі. Падчас заняткаў Кацярына Уладзіміраўна дзеліцца ведамі, распавядаю­чы пра ўнікальную тэхніку стварэння вырабаў з гліны.

Сёння полацкія свістулькі выкарыстоўваюцца ў якасці сувенірнай прадукцыі, а таксама для рэканструкцыі народных гульняў і абрадаў. Таму тым, хто жадае глыбей вывучыць гісторыю роднага краю і далучыцца да культуры мінулай эпохі, будзе карысна пазнаёміцца з імі, патрымаць у руках, адчуўшы цеплыню прыроднага матэрыялу, а можа, паспрабаваць вырабіць уласнаручна і падарыць дарагім людзям у якасці ўнікальнага сувеніра.

Фота Святланы ЧАРКОЎСКАЙ і з архіва ЦРНК.