История газеты

“Полацкі веснік”  – люстэрка гісторыі.

З 3 красавіка (па старому стылю, 17 – па новаму) 1917 года Полацкі Савет рабочых дэпутатаў пачаў выдаваць сваю  газету  “Революционный голос”.

На пасяджэнні гарадской думы быў утвораны “гарадскі грамадскі камітэт”. Ен стаў кіруючым органам новай буржуазнай улады. Такім чынам, у Полацку ўзнікла двоеўладдзе. Праўда, такое становішча захоўвалася нядоўга. У жніўні ўладу захапіла буржуазія. Пачаліся масавыя арышты бальшавікоў. У гэты час была закрыта і  газета  “Революционный голос”.

З канца лістапада 1917 года армейская і гарадская партыйная арганізацыі, армейскі камітэт і Полацкі Савет дэпутатаў наладзілі сумесную працу. Звесткі пра іх дзейнасць друкавала  газета  “Известия Вонно-революционного комитета III Армии”. Рэдактарам аб’яднання  газеты  стаў М.Дз.Цароў,член ВРК і Армейскага камітэта.

26 снежня 1917 года быў расфарміраваны ВРК. Замест яго створаны прэзідыум Выканаўчага бюро армейскага Савета. Армейская  газета  выйшла пад новай назвай – “Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии”.

У канцы снежня адбылося аб’яднанне Савета рабочых салдатскіх дэпутатаў з Саветам сялянскіх дэпутатаў. Друкаваным органам аб’яднанага Савета стала былая  газета  “Известия армейского Совета солдатских депутатов IIIармии”, першы нумар якой выйшаў 1 студзеня 1918 года пад назвай“Известия Армейского совета солдатских депутатов III Армии, Полоцкого совета  рабочих, солдатских и крестьянских депутатов”. Так, паступова, мясцовыя  газеты  склалі адзінае выданне.

Ішла Першая сусветная вайна, і ў выніку наступальных аперацый на ўсходнім напрамку 25 лютага 1918 года ў горад увашлі немцы. Дзевяць месяцаў Полацк знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Зразумела, што не паспеўшы ўстойліва стаць на ногі, полацкая  газета  прыпыніла свой выпуск. І толькі пасля вызвалення горада, у лістападзе 1918 года, з новай сілай пачаў гучаць голас полацкай перадавіцы.

Газета  стала органам Полацкага павятовага выканаўчага камітэта і ВРК. З’явілася і новая  газета . Першы нумар полацкай “Красной  газеты  чытачы трымалі ў руках ужо 22 лістапада, на другі дзень пасля вызвалення горада.

З №24  газета  стала выходзіць пад назвай – “Известия Полоцкого уездного совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов”. Толькі пажыць мірна палачанам зноў прыйшлося нядоўга. На змену нямецкім акупантам прыйшлі белапалякі. І ў канцы лета 1919 года горад зноў аказаўся захоплены польскімі войскамі.

З 20 верасня 1919 года па 15 мая 1920 года левабярэжная частка горада апынулася за лініяй фронту. Гарматы і ружэйныя абстрэлы доўжыліся 8 месяцаў. Зразумела, што выпуск перыядычнага выдання ўжо спыняць было нельга. Таму рэдакцыя полацкай  газеты  разам з неабходным абсталяваннем была эвакуіравана на станцыю Дрэтунь. І пад новай назвай – “Октябрьское эхо” – пачала выходзіць з восені 1919 года.

Пасля вызвалення горада  газета  пад той жа назвай працягнула сваё выданне. Своечасова і зразумела яна тлумачыла рабочым і сялянам складанасць становішча, актаўна заклікала да пабудовы новага жыцця. Загады, надрукаваныя на старонках  газеты , уступалі ў сілу з моманту выхаду газеты . Перыядычнасць выдання была 3 разы на тыдзень. Гэта сведчыла пра запатрабаванасць  газеты , пра яе неабходнасць у жыцці палачан. Выходзіла яна на рускай мове, на адным аркушы, у полацкай друкарні.

У 1922 годзе полацкая  газета  бярэ сабе новую назву. Першы нумар“Красного знамені” выйшаў, напэўна, 18 студзеня. Новае выданне  вельмі адрознівалася ад папярэдняга.  Газета  выходзіла невялікімі тыражамі – каля 500 экземпляраў.

З 16 верасня 1924 года  газета  пачала выходзіць пад назвай “Полоцкий пахарь” як орган Полацкай акругі, утвораны 17 ліпеня 1924 года.

Рэдакцыя  газеты  “Полоцкий пахарь” пачала ўводзіць новыя формы работы, больш шырока выкарыстоўваць працу селькораў, друкаваць шмат матэрыялаў па землекарыстанні, медыцыне і ветэрынарыі. Багатая рэдакцыйная пошта сведчыла аб даверы чытачоў.

З 2 лютага 1926 года  газета  атрымала новую назву “Чырвоная Полаччына”.А у чэрвені 1935 года нанава была ўтворана Полацкая акруга. Акруговай газетай стала пераемніца “Чырвонай Полаччыны” – “Большавік Полаччыны”. Першы нумар пад такой назвай выйшаў 1 студзеня 1936 года.

А ў лютым 1938 года акруга была скасавана, з’явіўся Полацкі раён, які ўвайшоў у склад Полацкай вобласці БССР. І зноў – новая назва, на гэты раз, на больш доўгі перыяд. Першы нумар “Большэвіцкага шляху”, органа Полацкага РК КП(б)Б і райсавета, выйшаў 4 красавіка 1938 года. Але ўсё, так старана створанае напружанай працай палачан да 1941 года, было разбурана ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

20 верасня 1944 года было прынята рашэнне аб утварэнні Полацкай вобласці з цэнтрам у г.Полацку. У склад вобласці ўвайшло яшчэ 6 гарадоў: Дзісна, Глыбокае, Браслаў, Докшыцы і Міёры, 6 гарадскіх пасёлкаў, 217 сельсаветаў, 15 раёнаў. Знаёміць навінамі па вобласці і краіне павінна была  газета , якая атрымала гучную назву – “Большэвіцкі сцяг”. Выданне Полацкага абкама КП(б)Б і абласнога савета працоўных дэпутатаў пачало выходзіць з восені 1944 года. Супрацоўнікі абласной  газеты  прыкладалі максімум намаганняў, каб зрабіць сваё выданне лепшым у краіне.

У лістападзе 1952 года абласная  газета  стала называцца “Сцяг камунізма”.А у 1956 годзе прымаецца яшчэ адно рашэнне аб выданні адзінай  газеты  для горада і раёна. Гэтай газетай стаў “Сцяг камунізму”. Пад такой назвай  газета выходзіла да 1991-га года.

З новым 1991 годам Полаччыну віншавала аб’яднаная  газета  “Полацкі веснік”. Сённяшні калектыў нашага выдання стараецца аператыўна інфармаваць жыхароў аб падзеях Полаччыны. Вельмі старана вядзецца работа с пісьмамі чытачоў,на якія журналісты “ПВ” своечасова рэагуюць. Таксама цесна наладжаны сувязі с прадстаўнікамі ўлады, што надае журналісцкай працы моцны падмурак. Журналісты “Полацкага весніка” заўсёды гатовы дапамагчы кожнаму, хто звернецца са сваёй праблемай у рэдакцыю.