Рэспублiканскi суботнiк 12 красавiка адбыўся і ў сельскіх населеных пунктах Полаччыны.

Галоўнае месца, дзе працавалi прадстаўнікі Экiманскага сельвыканкама i мясцовыя жыхары, — тэрыторыя воiнскага пахавання ў вёсцы Экімань-2. Тут знайшлi свой апошнi прытулак 151 савецкi воiн, якія загiнулі ў час Вялiкай Айчынай вайны. Удзельнiкi суботнiка ўбралi леташняе лiсце, сухую траву, падмялi плiтку вакол помнiка, пабялiлi лiпы, што растуць каля пахавання. «Навялi парадак, — адзначыла старшыня Экiманскага сельвыканкама Таццяна Скрыган. — Нават надвор’е паспрыяла — было сонечна, амаль без ветру. А ў Дзень Вялікай Перамогi прыйдзем сюды, каб ускласцi кветкi ў памяць аб загiнуўшых».









