Нягледзячы на халоднае надвор’е, трава на палях вырасла, сельгаспрадпрыемствы Полаччыны актыўна вядуць зялёнае жніво. Ужо скошаны травы першага ўкосу на 25% ад запланаванай плошчы, праца ў полі працягваецца штодзень, сянажныя ямы напаўняюцца якасным кормам.
У пятніцу адбылося наша знаёмства з ходам нарыхтоўкі кармоў у ААТ «Кушлікі». Сёлета гэтай гаспадарцы належыць скасіць травы на плошчы амаль тысячу га, нарыхтаваць 256 т сена, 10 100 т — сенажу, 8010 т — сіласу. Плошчу 360 га кушлікоўцы ўжо ўбралі і напоўнілі сенажом адну з 7 траншэй, пабудаваных на новым малочна-таварным комплексе.

— Сянаж нядрэнны, спажыўны, — адзначыў адзін з аграномаў гаспадаркі Раман Касецкі. Мы сустрэліся з ім на сянажнай траншэі. Спецыяліст адказвае за захаванне тэхналогіі закладкі корму. Свежаскошаная трава прывозіцца сюды з поля, трактар «Амкадор» разраўноўвае зялёную масу, а бульдозер трамбуе. Да сенажу абавязкова дадаецца кансервант.
На траншэі мы пазнаёміліся з 22-гадовым аграномам Аляксандрам Красько. Малады спецыяліст — тутэйшы, пасля заканчэння Лужаснянскага аграрнага каледжа працуе ў гаспадарцы другі год, ён з дапамогай інструментаў вызначае якасць корму.

— Тэмпература 28оС, вільготнасць — 65%, — адзначыў Аляксандр і зрабіў выснову: корм адпавядае нормам.
На бульдозеры працаваў Аляксандр Каралевіч, накіраваны прадпрыемствам, якое займаецца меліярацыяй. Мужчына расказаў, што з задавальненнем дапамагае сялянам.
У полі ў той дзень працавалі два корманарыхтоўчыя камбайны КВК і 9 адзінак тэхнікі на адвозцы зялёнай масы. Адным з камбайнаў ва ўрочышчы Глінішча ўмела кіраваў Аляксандр Цяцера. Ён у ААТ «Кушлікі» ўбірае травы ўжо 12 гадоў, працу на зямлі лічыць пачэснай.
— Аўсяніца і канюшына выраслі, убіраць іх — адно задавальненне, — падзяліўся ўражаннямі ад працы Аляксандр Цяцера. — Вясной я падкарміў гэта поле азотам, вынік бачны. Водар свежаскошанай травы падымае настрой. У полі працуем з 9 гадзін раніцы да 20 гадзін вечара.
На адвозцы сенажу працаваў Сяргей Ільіноў, які другі год запар прыехаў на ўборку ўраджаю ў Кушлікі па накіраванні прадпрыемства «Полацкводаканал», яго задавальняюць умовы. На сваёй асноўнай працы ён — слесар аварыйна-тэхнічнай службы, а тут вадзіцель.
Аграном гаспадаркі Аляксей Пласканос адзначыў, што халоднае надвор’е з дажджом нанесла шкоду палям з бульбай і агароднінай. А вось травы выраслі добрыя. Трэці год кушлікоўцы закладваюць кармы з кансервантам. Гэта дапамагае ў любое надвор’е атрымаць зялёны корм добрай якасці. «Чым больш вільгаці — тым хутчэй ідзе працэс кансервацыі. Шкодныя бактэрыі не паспяваюць размнажацца, — тлумачыў спецыяліст. — Корм з кансервантам мае прыемны водар, жывёла яго добра спажывае, гэта спрыяе павелічэнню надояў і лепшай якасці малака».









