Раённае свята «Зажынкі» сустракалі ў ААТ «Кушлікі»

Актуальное Заботы сельские

Паехалі! На Полаччыне штогод уборачная кампанія бярэ старт адпаведна са старадаўнімі беларускімі традыцыямі.

Сёння першы зажыначны сноп — сімвал пачатку вялікай працы і надзеі на багаты ўраджай — уручылі старшыні Полацкага райвыканкама Васілю Шылаву. Сёлета гасцей раённага свята «Зажынкі» сустракалі ў ААТ «Кушлікі».

Ва ўрочышчы Плігаўкі ААТ «Кушлікі» камбайны выстраіліся ў лінейку гатоўнасці. Хлебаробы прабывалі ў добрым настроі: ура­джай вырас, залатыя каласы азімага ячменю хіліліся долу.

Далёка па кушлікоўскім наваколлі лілася прыгожая беларуская песня. Раённае свята «Зажынкі» распачаў народны ансамбль песні «Фярцінка» з вёскі Багатырскай. У Кушлікі прыехала шмат гасцей: старшыня Полацкага райвыканкама Васіль Шылаў, спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна, прадстаўнік духавенства — протаіерэй Аляксандр Пятліцкі, творчыя калектывы Полацкага раёна. Іх удзел у падзеі падкрэсліў прызнанне значнасці аграрнай працы для грамадства і глыбокую павагу да культурнай спадчыны.

«Зямля — адна, гаспадары — розныя!,  —падкрэсліў кіраўнік раённай улады і заклікаў усіх удзельнікаў жніва своечасова і якасна ўбраць вырашчаны хлебны ўраджай. — Жадаю ўсім добрага «сельскагаспадарчага» надвор’я!»    

Яркую і кранальную дзею — абрад «Зажынкі» — выканаў народны фальклорны ансамбль «Блізнянка» з аграгарадка Блізніца. Жанчыны ў беларускіх народных строях выйшлі ў поле, каб сярпамі, як рабілі нашы продкі, зжаць першы сноп — галоўны сімвал свята. Маленькія снапы з ячменных каласоў новага ўраджаю атрымалі кіраўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна — як напамін пра свята ў Кушліках і часцінку надзеі на добры хлебны ўраджай. Артысты звярнуліся з найлепшымі пажаданнямі да галоўных герояў свята — хлебаробаў ААТ «Кушлікі», якіх чакае цяжкая, але высакародная праца ў полі.

Кіраўніка Полацкага раёна Васіля Шылава сустракалі з прыгожым вялікім караваем, з пажаданнямі, каб і з мукі новага ўраджаю атрымаўся такі ж самы — духмяны, пышны.   

Васіль Шылаў адзначыў, што пачатак уборачнай — заўсёды знамянальны дзень. Звяртаючыся да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, ён падкрэсліў, што ААТ «Кушлікі» выбрана для правядзення свята невыпадкова: менавіта тут на зямлі ёсць гаспадары, якія з любоўю ставяцца да працы, захоўваюць тэхналогіі вырошчвання раслін, культуру земляробства і атрымліваюць добрыя вынікі. Малебен з нагоды пачатку ўборачнай кампаніі правёў настаяцель прыходу царквы іконы Божай Маці «Спорительница хлебов» аграгарадка Кушлікі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі. Свяшчэннаслужыцель правёў чын асвячэння сельскагаспадарчай тэхнікі і ўдзельнікаў жніва.
Загулі маторы камбайнаў, уборачная кампанія 2025 года афіцыйна стартавала на Полаччыне.