Хлебны ўраджай саспеў. Аграрыі прыкладаюць намаганні, каб убраць вырашчанае, працуюць з ранку да вечара. У Полацкім раёне план уборкі азімага ячменю выкананы на 80,5%, рапсу на 80%, зерневых і зернебабовых на 28%.
Першыя поспехі
У філіяле «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» з’явіўся першы перадавік. У спаборніцтве сярод маладых камбайнераў 2025 года, якое разгарнуў Полацкі раённы камітэт ГА «БРСМ», 29-гадовы Віктар Бабарыка з намалотам 765 тон лідзіруе на ўборцы. Выказаць падзяку за адданую працу і дасягнутыя вынікі, уручыць сувеніры прыехалі на поле першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Ганна Сярко і вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Анастасія Цюхлова.
Віктар Бабарыка штодзень на працы з 7 гадзін раніцы. Паколькі працуе без памочніка, сам рыхтуе камбайн да выезду ў поле. Калі поле падсыхае, пачынаецца праца. Уборачная кампанія яму даспадобы. Сёлетняя — ужо трэцяя ў працоўнай біяграфіі. Пачалася ўборка з азімага ячменю, потым убіраў рапс, пшаніцу і астатнія культуры. Лепшую ўраджайнасць паказала пшаніца. Наперадзе яшчэ шмат працы — план уборкі зерневых і зернебабовых (1297 га) выкананы толькі на 40%.
Віктар Бабарыка — чалавек вясковы, родам з глыбінкі Полацкага раёна. Тэхніка яго цікавіла з дзяцінства. Скончыў Маласітнянскую школу, Гарадоцкі каледж, атрымаў прафесіі механіка, трактарыста. Працаваў у Гарадку, адслужыў у арміі і ўладкаваўся на працу ў філіял «Вясна-энерга». Сям’я купіла дом у Полацку, працуюць з жонкай у агародзе, трымаюць на падворку хатнюю жывёлу.
Майстар-выратавальнік Сцяпан Ігнаценка ўжо не першы год на жніве, іх з вадзіцелем Ягорам Вяршыніным працоўны дзень доўжыцца з 10 да 22 гадзін. «Разумеем адказнасць, якая ляжыць на плячах, — паведаміў Сцяпан. — Колькі быў на жніве, ні разу тушыць пажар не давадзілася, і гэта добра».
Прыйшла дапамога
У сельгаспрадпрыемстве «Э/б «Ветрынская» на бягучым тыдні пачалі ўбіраць авёс. Мы напаткалі хлебаробаў за гэтай працай.

«Сёння да нас прыехалі памочнікі з сельгаспрадпрыемстваў «Полацк-Мілк» і «Добрынскае», — паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Юрый Амосенка. — Сваімі сіламі мы ўбралі азімы рапс, засталося на полі крыху азімага ячменю, яравы рапс яшчэ не пачыналі. Ураджайнасць ячменю невысокая, а асобныя ўчасткі жыта паказалі больш за 30 ц/га. На палях з азімай пшаніцай шмат участкаў з палёгласцю, вымачкамі».
На камбайне New Holland працаваў Аляксей Пазняк. Ён з гараджан, якіх накіравалі на час уборачнай кампаніі ў сельскую гаспадарку. Пастаянна ён працуе вадзіцелем пагрузчыка ў філіяле ДЭУ №32 РУП «Віцебскаўтадар». Калі яму прапанавалі дамагчы сялянам ва ўборцы хлеба, часова ўладкавацца ў сельгаспрадпрыемства «Добрынскае», згадзіўся. Былы ваенны прывык выконваць загады. Мужчына мае вопыт працы на камбайнах, пакарыўся яму і магутны New Holland. Сёлета Аляксей Пазняк убіраў хлеб у гаспадарцы «Астроўшчына», філіяле «Вясна-энерга». Кіраваць магутнай машынай яму падабаецца. «Дачка Аліса, якая ходзіць у трэці клас, вельмі хоча даведацца, як з коласа атрымліваецца зерне, — з усмешкай распавёў працаўнік. — Яна ведае, чым я займаюся. Абяцаў, што мама яе прывязе да мяне ў поле, і мы ўсё ёй пакажам!»

Адвозіў зерне ад камбайна на трактары механізатар сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк» Цімафей Сямёнаў. «Гэта ж добра, што мы дапамагаем адзін аднаму на жніве», — выказаў задавальненне працаўнік.
Ён прыйшоў у галіну сельскай гаспадаркі ў мінулым годзе, раней будаваў масты. Сваім удзелам ва ўборачнай кампаніі ганарыцца. Расказвае пра цану хлеба сваім дзецям. У супругаў Сямёнавых шасцёра дзяцей, нядаўна жонка атрымала ордэн Маці. Мужчына ўпэўнены, што працалюбівы чалавек можа зарабіць грошай усюды, і ў сельскай гаспадарцы таксама, галоўнае — жаданне.

Мы пазнаёміліся з загадчыцай зернесклада Ірынай Харынай. Вопытны працаўнік, якой зараз 65 год, выказала задавальненне сёлетнім ураджаем зерневых. «З такім надвор’ем, калі штодзень — дажджы, добра, што гэта вырасла!» — адзначыла жанчына і паказала зерне, якое сушыцца. Ураджай прывозіцца з поля, узважваецца, вымяраецца яго вільготнасць, якасць і вырашаецца яго далейшае выкарыстанне — на дзяржзаказ, на насенне, на сушылку.
На полі мы пазнаёміліся з супрацоўнікамі Полацкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія дзяжураць, забяспечваюць пажарную бяспеку.
Галоўны аграном гаспадаркі Юрый Амосенка аддаў сялянскай прафесіі ўсё жыццё. Яго працоўныя месцы — і ў полі, і на складзе. Ён, як галоўны дырыжор аркестра, кантралюе ход уборкі зерневых. «Я люблю сваю дзейнасць. Засмучаюся, што не хапае кадраў, каб убіраць хлеб. Таму ўдзячны дырэктару сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк» за тое, што своечасова накіраваў нам памочнікаў».









