У лесе, непадалёку ад вёскі Цінаўка Азінскага сельсавета, знаходзіцца крыніца святой пакутніцы Ірыны (Цінаўская)

Калейдоскоп

У лесе, непадалёку ад вёскі Цінаўка Азінскага сельсавета, знаходзіцца крыніца святой пакутніцы Ірыны (Цінаўская). У 1990-я гады яе асвяціў мясцовы святар.

Калісьці тут была абсталявана купель у выгля­дзе бетоннай ванны.

Але доўгія гады яна заставалася ў закінутым стане. Жыхары Цінаўкі сталі ініцыятарамі адраджэння купелі, а сельвыканкам падтрымаў гэтую прапанову. Як паведаміў кіраўнік мясцовай улады Сяргей Бірукоў, зараз мясцовыя майстры вядуць будаўнічыя работы па ўстаноўцы драўлянай купелі.

У планах — «апрануць» крыніцу разам з купеллю ў зруб, добра­ўпарадкаваць тэрыторыю вакол. Дарэчы, дапамагаюць і школьнікі. Сапраўдны майстар-клас па цяслярнай і сталярнай справе право­дзіць для іх вопытны майстра з Цінаўкі, адзін з ініцыятараў праекта Максім Вараб’ёў.