«Набіванка: традыцыя і сучаснасць» — на выставу з такой назвай запрашае наведвальнікаў Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я

Культура

Вышыўка, ткацтва — рамёствы, добра нам вядомыя і захаваўшыя папулярнасць у аматараў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А вось пра такі спосаб аздаблення тканіны ўзорам, як набіванка, ведаем няшмат. Але зараз у палачан і гасцей нашага горада ёсць шанц пашырыць свае веды ў гэтым напрамку.

«Набіванка: традыцыя і сучаснасць» — на выставу з такой назвай у рамках праекта «Полацкая набіванка» запрашае наведвальнікаў Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. І экспанавацца яна будзе да 31.01.2026.
На адкрыцці выставы загадчык музея Паліна Шкляр (на фота злева) запрасіла ўсіх у свет набіванкі, а вядучы навуковы супрацоўнік Таццяна Бараненка пазнаёміла з гісторыяй гэтага рамяства і экспанатамі. Яе дапоўніла загадчык аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Лапкова.

Набіванка, якую таксама называлі і набойка, і крашаніна, прыйшла да нас з глыбіні стагоддзяў. Найбольшае распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі атрымала ў XVI-XVII стагоддзі, захоўвалася ўвесь наступны час, недзе да першай паловы ХХ стагоддзя. Пакрысе, з развіццём тэкстыльнай прамысловасці, сродкаў механізацыі, яна страціла свае пазіцыі. Але знаёмства з музейнымі прадметамі дазваляе скласці ўяўленне пра яе.

Як і чым рабілі набойку на тканіне, якіх відаў яна была, што такое манера, узорнікі, вапа, якія прадметы ўпрыгожвалі, хто з майстроў Віцебшчыны з’яўляецца прадаўжальнікам традыцый дадзенага віду рамяства — пра гэта і шмат іншага даведаліся наведвальнікі выставы. Мне падалося цікавым, што ў Полацку таксама былі майстэрні, дзе выконвалі набойку, у архіўных дакументах захаваліся і адрасы, і імёны ўладальнікаў.
Разам з іншымі ўдзельнікамі адкрыцця выставы мы разглядалі экспанаты, прадстаўленыя з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Былі тут і дошкі-клішэ з рэльефнымі ўзорамі для набіванкі, абрусы і ручнік, саян і хусткі, датаваны нават 1850-1970 гг. куфар невядомага майстра, аздоблены ў тэхніцы набіванкі.

У рамках праекта, прысвечанага набойцы, адбудуцца самыя разнастайныя мерапрыемствы: гэта і дзіцячыя заняткі, і адкрыты дыялог, і майстар-класы. Далучайцеся, тэма вельмі цікавая!

А калі веды пра набіванку распалілі ў кожнага з нас творчы агеньчык, мы былі запрошаны адчуць сябе ў ролі майстроў і з дапамогай штампаў, зробленых з бульбы, зрабіць сабе ўнікальны сувенір. Працэс, сапраўды, захапляльны!

Экспазіцыя выставы прадстаўлена не толькі ў гістарычнай плоскасці, але і ў сучаснай, якая адлюстроўвае адраджэнне і пераасэнсаванне старадаўняга майстэрства ў работах майстроў нашага часу.