Ваенныя падзеі — гэта не толькі людскія страты, але і разбурэнні помнікаў архітэктуры, якія мы, мажліва, страчваем назаўсёды. Полацк за шматвяковую гісторыю згубіў вялікую колькасць унікальных пабудоў. Сярод іх храмы Бельчыцкага манастыра, пра якія сёння нагадваюць толькі падмуркі на вул. Юбілейнай.

Упершыя савецкія часы іцыятарамі іх вывучэння былі члены Полацкага краязнаўчага таварыства. Менавіта яны выступілі з канкрэтнымі прапановамі даследавання помнікаў і прыцягнулі да гэтай справы навукоўцаў са сталіцы. Так, у Полацк у другой палове 1920-х гг. было накіравана некалькі экспедыцый
з Мінска, Смаленска і нават Масквы.
На Старой Слабадзе
Манастыр размяшчаўся на тэрыторыі так званай Старой Слабады, дзе рака Бельчыца ўпадала ў Заходнюю Дзвіну. Першым тут быў пабудаваны Вялікі сабор, на жаль, разбураны падчас Лівонскай вайны. Потым з’явілася Пятніцкая царква. Па меркаванні некаторых даследчыкаў яна магла выкарыстоўвацца як пахавальны храм для членаў княжацкай сям’і або ігумена манастыра. Потым была ўзведзена Барысаглебская царква, верагодна, пасля кананізацыі святых Барыса і Глеба ў 1115 г. Апошні, чацвёрты, храм-трыконх зафіксаваны на малюнках XVIII ст.
Манастыр, праз які першапачаткова праходзіў шлях з Полацка на Менск і Кіеў, меў для Полацка важнае стратэгічнае значэнне. Акрамя гэтага, у XII ст. ён стаў месцам сховішча князя Расціслава Глебавіча, унука знакамітага полацкага князя Усяслава Брачыславіча. У XVII ст. манастыр перайшоў да ўніятаў, пасля падзей руска-польскай вайны ў наступным стагоддзі перажыў маштабныя перабудовы. Не менш запамінальным стала
і XIX ст., калі манастыр зноў быў перададзены праваслаўным вернікам і некаторы час быў прыпісаны да Спаса-Еўфрасіннеўскага кляштара. Падзеі Першай сусветнай вайны 1918 г. і польска-савецкай вайны 1919-1920-х гадоў нанеслі манастыру непапраўныя страты. Сёння, толькі гартаючы старыя альбомы з малюнкамі, пажоўклыя архіўныя дакументы, можна даведацца, як выглядалі выбітныя помнікі даўніны.
Гісторыя Барысаглебскага манастыра вядзе свой адлік з тых жа часоў, што і Спаса-Еўфрасіннеўскі. Для Полаччыны ХІІ ст. з’яўляецца часам станаўлення мясцовай архітэктурнай школы. Адным з самых знакамітых дойлідаў таго часу лічыцца майстар Іаан. Верагодна, ён быў манахам Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, дзе і распачаў сваю творчую дзейнасць.
План аднаўлення
Летам 1920 г. створаная пры Полацкім акруговым выканкаме камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтва пад кіраўніцтвам Пятра Дэйніса зрабіла агляд храмаў Барысаглебскага кляштара. У адпаведным акце было запісана, што «нашли его в весьма повреждённом и даже более — разрушенном состоянии. Этот древнейший монастырь и бывший центр духовной жизни Полоцкого княжества в переживаемое время перестал, можно сказать, совершенно существовать как памятник народного зодчества и народной культуры. Церковь Параскевы Пятницы почти совершенно разрушена попавшими в неё несколькими снарядами во время 8-месячной перестрелки между русскими и поляками. Кроме царских врат и иконостаса здесь не сохранилось ни одной иконы… Борисоглебская церковь также повреждена снарядами…».
У чэрвені 1925 г. мясцовая ўлада разам з навукоўцамі з Мінска і полацкімі краязнаўцамі падчас чарговых абследаванняў склалі акт прыёму на дзяржаўны ўлік каля 10 помнікаў архітэктуры і мастацва, сярод якіх былі і, на жаль, ужо толькі руіны двух храмаў Барысаглебскага манастыра з унікальнымі фрэскавымі роспісамі. Адпаведна з пастановамі «…дзяржаўная маёмасць рэспублікі не магла раскапвацца, разбірацца, руйнавацца, рамантавацца… ані прыватнымі асобамі, ані таварыствамі або дзяржаўнымі ўстановамі без спецыяльнага дазволу камісіі».
Праз месяц полацкімі краязнаўцамі быў распрацаваны план па аднаўленні двух храмаў кляштара. Дакумент быў адобраны прафесарам Інстытута беларускай культуры (сучасная Нацыянальная акадэмія навук Беларусі) М.М.Шчакаціхіным. У 1928 г. ён узначаліў экспедыцыю студэнтаў БДУ ў Полацк «па гісторыі старажытнага мастацтва і архітэктуры» і шмат увагі надаў пабудовам былога Барысаглебскага манастыра. Згодна з вынікамі даследавання «…вакол захаваўшыхся руін кляштара каля р.Бяльчанкі быў знойдзены невядомы ў гісторыі план, фундаменты і старажытная кладка сабора вялікага памеру з ганчарным паркетам і фрэскавымі роспісамі пад зямлёй. Забытае і зруйнаванае яшчэ да XVI ст. толькі зараз знойдзена нашай гістарычнай навукай, дае нам каштоўныя звесткі пра час з’яўлення першай беларускай дзяржаўнасці ў ХІІ ст. — на абшары крывіцкіх зямель».
Выбітны помнік
Ступень захаванасці храмаў Барысаглебскага манастыра ў 1929 г. высвятлялі і члены навукова-даследчай экспедыцыі Цэнтральных дзяржаўных рэстаўрацыйных майстэрняў пад кіраўніцтвам І.Р.Грабара. Вучоныя з Масквы адзначылі, што ў малой Барысаглебскай царкве на алтарных пілонах насупраць галоўнага ўваходу захаваліся контуры кампазіцыі святых Барыса і Глеба. Нягледзячы на вялікія пашкоджанні, нават у такім выглядзе «яны прадстаўляюць значную іканаграфічную каштоўнасць, папаўняючы нашы сучасныя веды ў галіне візантыйскай іканаграфіі».
Падзеі наступных дзесяцігоддзяў па аб’ектыўных прычынах так і не стварылі спрыяльных умоў для захавання рэшткаў Барысаглебскага кляштара. Сярод яго апошніх даследчыкаў быў кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржуніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, зараз рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А.А.Куляшова Д.Ул.Дук. Назіраючы ў 2003 і 2007 гг. за ходам будаўніцтва на тэрыторыі былога кляштара, былі выяўлены культурныя напластаванні розных стагоддзяў, якія распавядалі пра працяглае і напоўненае падзеямі жыццё манастыра.
На думку розных даследчыкаў, у XII–XIV стст. ён служыў княжацкай рэзідэнцыяй, у XVI ст. падчас Лівонскай вайны — месцам размяшчэння двара Івана Грознага, у XVIII–XIX стст. — месцам пахавання трох уніяцкіх архімандрытаў, а ўвогуле — гэта выбітны помнік старажытнарускай архітэктуры на тэрыторыі Усходняй Еўропы.
І.П.ВОДНЕВА,
загадчык Полацкага
Краязнаўчага музея.
Фота з адкрытых крыніц.









