Сярод 11 кандыдатаў з розных гаспадарак Полацкага раёна ў пераможцы раённага спаборніцтва сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на ўзворванні глебы пад азімыя зерневыя і крыжакветныя культуры ў 2025 годзе, лідарам стаў Васіль Грыбоўскі з сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк».

Вынікі працы гэтага руплівага аграрыя ўражваюць: на 8-гадовым жалезным кані маркі МТЗ-3522 ён узараў плошчу 941 га пад азімыя зерневыя, у той час як яго калегі — ад 200 га да 760 га.
Васіль Уладзіміравіч з дзяцінства марыў працаваць механізатарам. Пасля базавай школы, якую скончыў у родных Ломашах Глыбоцкага раёна, паступіў у вучылішча ў вёсцы Пашуціна Полацкага раёна, атрымаў сялянскую прафесію і ўладкаваўся на працу трактарыстам-машыністам у мясцовы калгас. З кожным годам удасканальваў майстэрства, стаў прафесіяналам. Паспрабаваў кіраваць камбайнам пад час уборкі хлеба, і ў яго ўмелых руках усё атрымалася.
У мінулым годзе, калі ў гаспадарцы Глыбоцкага раёна ўзніклі фінансавыя праблемы, Васіль Грыбоўскі разам з жонкай Вольгай вырашылі ўладкавацца на працу ў Полацкі раён, у сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк». Вольга — даярка, завіхаецца ля рагуль, а Васіль увесь год араў і сеяў на палях гаспадаркі. Мужчына ўмее працаваць з розным прычапным абсталяваннем, да сваёй справы ставіцца з вялікай адказнасцю.
Васіль Грыбоўскі задаволены, што працягвае дынастыю хлебаробаў. Яго бацька аддаў сельскай гаспадарцы і прафесіі трактарыста сваё жыццё, брат у Ломашах працуе механізатарам. Сястра жыве ў Браславе, яна — аператар машыннага даення, як маці. Калі сем’і збіраюцца ў бацькоўскім доме ў родных Ломашах, у іх шмат агульных тэм для гаворкі. «Мы — сяляне, усё, што маем, зарабілі, марым пра лепшае жыццё, падаем прыклад сваім дзецям», — расказваў вопытны трактарыст. Яго сыну Паўлу — 17 год, дачцэ Яўгеніі — 9. У надыходзячыя выхадныя дзеці будуць шчыра віншаваць са святам сваіх бацькоў, якія забяспечваюць дабрабыт іх дружнай сям’і.
— Шмат залежыць ад таго, што ты зробіш у полі, глеба любіць добрую апрацоўку, — упэўнены Васіль Грыбоўскі. — Гэта толькі на першы погляд падаецца, — сеў за руль і рухайся наперад. Ёсць у нашай справе свае патрабаванні, тонкасці, свая тэхналогія.









