Аматары лапікавага шыцця ў чарговы раз парадавалі новым творчым праектам.

У выставачнай зале філіяла «Цэнтр рамёстваў» адкрылася экспазіцыя «Строгая нястрогая геаметрыя».
— Прадстаўлена 25 коўдраў, створаных умелымі рукамі майстрых. Гэта сімвал цяпла, памяці і хатняй утульнасці, спосаб захаваць мінулае і сагрэцца зімой, — падзялілася Ніна Ярмух, кіраўнік народнай студыі аматараў шыцця з абрэзкаў тканіны «Рошва».
Наведвальнікі выставы адзначаюць не толькі высокі ўзровень майстэрства выканання, але і тую цеплыню, якой пранізана кожная работа. Абрэзкавая коўдра — гэта не проста прадмет інтэр'еру, а своеасаблівы абярэг, які захоўвае ў сабе пачуцці яго стваральніка.
На стварэнне ўнікальных вырабаў у 21 майстрыхі з Полацка, Наваполацка, Дзісны і Верхнядзвінска пайшоў год. Для пяці жанчын гэта была першая коўдра ў іх практыцы, для дзвюх выпускніц «Школы лапікавага шыцця» пры Цэнтры рамёстваў — дыпломная праца, а пяцёра больш дасведчаных умельцаў пашылі нават па два вырабы.
— Было раздадзена 18 аднолькавых схем, прычым кожнай майстрысе неабходна было замяніць тканіны ў двух блоках на сваё меркаванне. І, нягледзячы на аднолькавасць схем, усе вырабы атрымаліся рознымі, непаўторнымі, — падкрэсліла Ніна Іосіфаўна.
У кожнай працы — свая гісторыя, рытм і каляровая гама. Яна адлюстроўвае індывідуальнасць аўтара. Геаметрычныя ўзоры, якія сталі асновай малюнкаў лапікавых коўдраў, паўстаюць у самых нечаканых інтэрпрэтацыях. Выкарыстанне розных фактур і матэрыялаў дадае працам глыбіні і выразнасці.
Экспазіцыя будзе адкрыта для наведвання да 10 снежня.
Выстава «Строгая нястрогая геаметрыя» — гэта цудоўная магчымасць дакрануцца да свету лапікавага шыцця, ацаніць талент і майстэрства ўмельцаў, а таксама знайсці натхненне для ўласнай творчасці.









