Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі!

«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць…, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца…» (Лк 2, 10-11).
Гэтыя словы Анёла да бэтлеемскіх пастушкоў скіраваныя сёння да нас, людзей ХХІ стагоддзя. Да людзей, якім часта вельмі няпроста ў жыцці. Да тых, хто, падобна да малых, пакінутых дзяцей, шукае бяспекі, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шукае міру, справядлівасці, праўды і, канешне ж, любові. Мы шукаем таго, што магло б зрабіць нас шчаслівымі.
На гэты пошук чалавека хрысціянства не дае адразу гатовага рэцэпту, «выратавальнай пілюлі» ці ўсёвырашальнай праграмы. Яно прапануе шлях, напрамак, дарогу, якую накрэсліў, якой прайшоў і, больш за тое, якой з’яўляецца сам Езус Хрыстус — уцелаўлёнае Божае Слова, Божы Сын, нараджэнне Якога мы зараз з вамі і святкуем.
На першы погляд вера ў Езуса Хрыста выглядае складана і таямніча, аднак яна вельмі простая і даступная. Яе сутнасць — у асабістых адносінах з Тым, Хто стварыў гэты свет, — з жывым Богам, катораму належаць найвышэйшая ўлада, канчатковы суд і апошняе слова. Прыняцце сэрцам слоў Евангелля — гэта наш шлях у Бэтлеем. Той шлях, на якім выпраўляюцца шматлікія складанасці нашага жыцця і ствараецца атмасфера прыязнасці, прымірэння і адкрытасці ў адносінах з бліжнімі. Напэўна, мы ведаем, наколькі важна мець такую атмасферу любові і згоды ў сваіх сем’ях, сярод найбліжэйшых да сябе людзей і, што актуальна, як ніколі, сёння, між краінамі.
Таму паспрабуем у сваім жыцці ісці тым шляхам, які вызначае Божае Слова, бо яно не толькі кажа пра веру, пра надзею і любоў, яно з’яўляецца іх крыніцай. Паспрабуем паверыць у моц той ласкі і святла, якое заззяла нам праз нараджэнне Езуса Хрыста. А гэтая вера няхай дапаможа нам атрымаць Божую дапамогу і бласлаўленне: кожнаму з нас, нашай Бацькаўшчыне Беларусі і ўсяму сучаснаму свету!
Бласлаўлёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2026 года!
+Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.









