Зімовы творчы сезон праходзіць у бібліятэках Полацка. У шасці філіялах Полацкай РЦБС адкрыліся традыцыйныя гасцёўні Дзеда Мароза. Мы пабывалі ў адной з іх.

Графік мерапрыемстваў у дзіцячай бібліятэцы імя Льва Талстога — філіяле №1 распісаны па гадзінах. І гэта не дзіўна: установа карыстаецца попытам у юных жыхароў Полаччыны, а напярэдадні Новага года і Каляд гэта відавочна кожнаму. Бібліятэкары пастараліся, каб атмасфера самых любімых свят адчувалася з парога. Тут і разнастайныя кніжныя выставы, і маляўнічая фотазона, і ёлка-прыгажуня — усё тое, што так любяць дзеці. А самі мерапрыемствы цікавыя, яркія, пазнавальныя.
— Штодня ў рамках праекта «Гасцёўня Дзеда Мароза» нас наведвае больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, усе яны чакаюць сустрэчы з добрымі чараўнікамі і знаёмства з новымі, маляўнічымі выданнямі, — падзялілася Вольга Бандарэнка, загадчык дзіцячай бібліятэкі.
Для юных наведвальнікаў праводзяць ранішнікі, тэатралізаваныя паказы, квэсты, літаратурныя гульні з удзелам казачных герояў і бібліятэчных Дзядулі Мароза і Снягуркі. Абавязкова пасля завяршэння мерапрыемства дзеці ўдзельнічаюць у майстар-класе па вырабе елачнай цацкі, а ўжо перад Раством Хрыстовым — анёлка.
Апроч забаўляльных мерапрыемстваў, у дзіцячай бібліятэцы арганізаваны і тэматычныя выставы, прысвечаныя зімовым святам і традыцыям. — Мы гатовы задаволіць чытацкі попыт дзіцяці любога ўзросту — ад дашкольніка да старшакласніка. Фонд багаты. Напрыклад, для малых шмат маляўнічых, інтэрактыўных кніг, — падкрэсліла Вольга Бандарэнка.
— Праект палюбіўся дзецям. Ім падабаецца сімбіёз чытання і творчасці, — акцэнтавала Вольга Уладзіміраўна.
Бібліятэкі Полаччыны запрашаюць усіх ахвочых наведаць мерапрыемствы ў рамках зімовага творчага сезона. Тут кожны знойдзе нешта цікавае і карыснае для сябе. Няхай зімовыя канікулы стануць яркімі і незабыўнымі!









