Любімае многімі зімовае свята падштурхнула да праяўлення фантазіі работнікаў сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна.

Навагоднія кампазіцыі з’явіліся не толькі ў адміністрацыйных будынках сельгаспрадпрыемстваў, але і на жывёлагадоўчых аб’ектах. На фермах заззялі агеньчыкі, тэрыторыі ўпрыгожылі ёлкі з цацкамі, па кароўніках распаўсюдзіўся водар ад яловых лапак.
Напярэдадні Новага года мы наведалі малочна-таварную ферму «Нача» сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк». Сцены памяшкання, дзе ўтрымліваюцца каровы, упрыгожылі малюнкі працаўніцы фермы Кацярыны Вальковай. Старанне і фантазію ў стварэнне святочнай атмасферы на вуліцы і ў памяшканні ўклала начальнік участка Марына Свірко разам з калегамі. Да Новага года работнікі фермы «Нача» і спецыялісты гэтага сельгаспрадпрыемства сумесна падрыхтавалі творчыя нумары мастацкай самадзейнасці, якія сталі падарункам для калег. А ўдзел у канцэрце падарыў незабыўныя эмоцыі і самім артыстам.
— Праца ў галіне сельскай гаспадаркі не дазваляе адпачываць некалькі дзён запар, таму мы ствараем навагодні настрой на працоўным месцы. Будзем віншаваць адзін аднаго і сустракаць свята разам са сваімі любімымі рагулямі, — расказала Марына Свірко.









